- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шчыра адказваю: не ведаю. Ёсць здагадкі і думкі, але я не хачу іх агучваць хоць бы дзеля таго, каб яны не паўплывалі на чыйсьці настрой. Але ёсць адна рэч, якую я ведаю, — дакладней, перакананы, што ведаю. Асацыяваць так чаканую многімі другую хвалю пратэсту і магчымыя перамены з канкрэтнай датай, няхай гэта будзе 25 сакавіка ці любая іншая, — велізарная памылка або, як варыянт, вынік наўмысных інфармацыйных маніпуляцый з боку спецслужбаў. Восенню і зімой, калі стала відавочна, што пратэст ідзе на спад, пра другую хвалю вясной загаварылі многія. Я не памятаю, каб хтосьці асацыяваў Рэнесанс масавых акцый менавіта з 25 сакавіка, — такога ў прынцыпе не было. Пісалі і казалі пра тое, што пройдзе ковід, стане цёпла, прыйдуць эканамічныя цяжкасці як дадатковы фактар — пра шматлікія магчымыя прычыны, але не пра тое, што будзе нейкая дата і — бац! Усё здарыцца менавіта ў гэтую дату. Як у Новы год. Апошняя спроба падагнаць актывізацыю пратэсту пад канкрэтны дзень была звязаная з абвяшчэннем «агульнанацыянальнай забастоўкі» 26 кастрычніка і скончылася, будзем шчырыя, даволі правальна: у страйк пайшоў у асноўным толькі прыватны бізнес, многія прадстаўнікі якога пасля жорстка за гэта паплаціліся. Акцыя не набрала моцы, не прынесла чаканага выніку і вельмі прадказальна выклікала хвалю дэпрэсіі ды дэматывацыі — і можна з вялікай доляй упэўненасці казаць, што менавіта з гэтага моманту масавыя пратэсты пайшлі на спад.