- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Што значыла для нашай краіны 25 сакавіка 1918 года? Што будзе значыць 25 сакавіка 2021-га? Паміж гэтымі датамі — 103 гады. Розныя людзі, розныя эпохі. Адна мэта. Тады, у 1918-м, нягледзячы на вайну і голад, беларусы захацелі нарэшце «людзьмі звацца» і жыць у сваёй краіне, вольнай і незалежнай. Каб іх дзеці, унукі і праўнукі маглі ганарыцца, што нарадзіліся і жывуць на гэтай зямлі. Ці не таго ж мы прагнем сёння, праз сто з лішкам гадоў? «Мы выйдзем шчыльнымі радамі// На вольны родны свой прастор.// Хай воля вечна будзе з намі,// А гвалту мы дамо адпор!» — гэтымі словамі пачынаўся верш Макара Краўцова (Касцевіча). Называўся ён «Ваяцкі гімн». У 1920 годзе гэты верш, пакладзены на музыку Уладзіміра Тэраўскага, стаў гімнам БНР. У 1938-м Уладзіміра Тэраўскага расстралялі. Магчыма, у Курапатах. Увосень 1939-га Макар Краўцоў быў закатаваны падчас допытаў у беластоцкай турме. Такім чынам, абодва аўтары гімна БНР сталі ахвярамі сталінскага тэрору. Аднымі з мільёнаў. 1937-мы прыйшоў не адразу. Ён насоўваўся паступова, крок за крокам. Зжыраючы незалежнасць, свабоду, правы, мову… Кавалкамі. Вялікімі і малымі. Заўважнымі і не надта. Ён грукаўся спачатку да незнаёмца, пасля да суседа, сваяка, жонкі, брата, бацькі, сына… «Невінаватых не арыштоўваюць», — казалі людзі. Дыму без агню не бывае. Калі я буду маўчаць, не высоўвацца — мяне не зачэпіць.