- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Штодзённыя навіны кожны раз прабіваюць дно. Здаецца, далей няма куды, але, аказваецца, ёсць. Штраф за чырвонае паліто, за белыя шкарпэткі з чырвонай палоскай. Суткі за цукеркі. І затрыманне школьніцы за надпіс «Жыве». Закрыццё выставаў і адмена спектакляў. Выкраданні людзей, катаванні на сутках. Беспадстаўныя абвінавачанні і бязглуздыя прысуды. Тое, што адбываецца ў нашай краіне штодня, — нават не абсурд, дакладнага слова гэтаму ўжо няма. Здавалася б, трэба змірыцца. Зашыцца ў паўсядзённасць, неяк прызвычаіцца, прыстасавацца. Змаўчаць, заціхнуць, не падымаць вачэй. А лепей — з’ехаць падалей, каб не чуць, не бачыць… Хтосьці так і робіць. У спадзеве, што ўсё неяк вырашыцца, а махавік рэпрэсій не зачэпіць. Здавалася б, яны перамаглі, змаглі запалохаць, загнаць пад плінтус, прымусіць сядзець і не рыпацца. Здавалася б, адчулі сваю сілу —і цяпер прыдушаць усё жывое апошнім акордам. Але, на самай справе, яны адчуваюць не моц і ўпэўненасць, а бяссілле і страх. Бяссілле, бо не могуць спыніць шпацыры ў чырвоным паліто і шкарпэтках з бчб-палоскай. Не могуць ніякімі здзекамі спыніць прагу свабоды і лепшай долі. Забараніць пісаць слова «Жыве». Страх падганяе іх пугай, прымушае рабіць бязглуздыя рэчы, хлусіць самім сабе.