- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цяперашні стан беларускага грамадства можна параўнаць са станам галінкі пад гурбай снегу. Здаецца, яна не можа вытрываць гэты цяжар, які ўтрая большы за яе саму. Але, як ні дзіўна, галінка не ламаецца. Пасля таго, як скончыліся, дакладней, былі зачышчаныя масавыя вулічныя пратэсты, шмат хто ўпаў у роспач і адчай, страціў надзею і веру ў перамогу. Здаецца, што ўсё марна, а рэпрэсіўная машына, якая і так неслася з шалёнай хуткасцю, працягвае набіраць абароты. І страх, які пранікае ў самыя косткі, паралізуе волю і свядомасць. Анягож — калі штодня ў навінах нам абяцаюць, што нас «зачысцяць», пагражаюць сем’ям, забіраюць дзяцей. І вось ужо перад выхадам на вуліцу мы, нават самі не заўважаючы, пераглядаем гардэроб — каб не было спалучэння «небяспечных» белых і чырвоных колераў. Чысцім месенджары і падпіскі. Ужо даўным-даўно не жывём, а існуем, агорнутыя ліпкай трывогай, якая не праходзіць ні ўдзень, ні ўначы, не дае спаць і радавацца нават самым звычайным рэчам. Але варта ўспомніць, што ўсё гэта — даўно адпрацаваныя метады псіхалагічнага ўздзеяння. Галоўная мэта таталітарызму — запалохаць, паралізаваць супраціў і іншадумства, паказаць, што тых, хто «не з імі», чакаюць пакуты. Што прасцей і бяспечней — сядзець ціхенька пад венікам і не высоўвацца. Іначай будзе толькі горш. Аднак гэта — ілюзія. Горш, канешне, сапраўды можа быць.