- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пад завязку і без аглядкі. Абнародаваная службовая запіска кіраўніка Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча прэм’еру Сяргею Сідорскаму, у якой стан айчыннай банкаўскай сістэмы характарызаваўся зусім не так, як у афіцыйных заявах, паказала, што абяцанага напрыканцы лета восеньскага пад’ёму эканомікі і блізка не назіраецца. У запісцы Пракопавіч адзначыў, што над банкаўскай сістэмай Беларусі навісла «значная пагроза», у сувязі з нарастаючым крызісам ліквіднасці ў дзярж-банках і ростам праблемных крэдытаў павялічыліся затрымкі падатковых выплат. І хаця ў інфармацыйнай службе Нацбанка заявілі, што факты, прыведзеныя ў запісцы, — «у натуральных межах», падстаў для аптымістычных прагнозаў пакуль няма. Аб’ём праблемных актываў банкаў з пачатку года вырас у 2,5 разы і на 1 верасня склаў 2146 мільярдаў рублёў. Пры гэтым толькі за жнівень праблемныя актывы павялічыліся на 14,5 працэнта. А доля праблемных актываў банкаў у актывах, схільных да крэдытнай рызыкі, на 1 верасня склала 3,34 працэнта супраць 1,68 працэнта на 1 студзеня бягучага года.