- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларусы — людзі дзёрзкія, нічога і нікога не баяцца. Увесь свет закрывае авіярэйсы ў Кітай з нагоды каронавіруса, людзі ў паніцы скупляюць медычныя маскі, знакаміты «Аліэкспрэс» церпіць страты, а ў той жа час Лукашэнка прызначае новага пасла ў КНР. Добрая спроба пазбавіцца ад Мікалая Снапкова. Тым больш, што Аляксандр Рыгоравіч двухсэнсоўна заявіў: «Рэалізуеце задачы за год — значыць, вернецеся. За два — значыць, два. Важны вынік». Маўляў, а падхопіш там заразу — і не шкада. Значыць, рэалізаваць не атрымалася. З іншага боку, у Мінск вяртаецца Кірыла Руды, якога называюць «увасабленнем эканамічных рэфарматараў сярод беларускіх чыноўнікаў». На якую пасаду ён прыйдзе — невядома. Аднак сам па сабе факт цікавы, бо яго голас ва ўрадзе, па-першае, заўсёды быў важкім, а па-другое — адрозніваўся ад агульнапрынятай нацыянальнай эканамічнай мадэлі. Прынамсі, ён папулярны эканаміст як сярод чыноўнікаў, так і сярод недзяржаўнай экспертнай супольнасці. Галоўнае, каб ён не прывёз той самы вірус. Што да Рудага, то варта зазначыць — ён і ў ролі пасла спрацаваў даволі добра. Прынамсі, на заканчэнне яго кадэнцыі пяць грамадзянаў Беларусі былі эвакуяваныя з таго самага эпідэмічна небяспечнага Уханя. А ў Паднябесную з Сінявокай злётаў ІЛ-76, які даставіў кітайскім медыкам 20 тон гуманітаркі — найперш лекі, медыцынскае адзенне і сродкі дэзінфекцыі. Туды-сюды беларускія лётчыкі злёталі нармальна. А яшчэ ў «Вялікі Камень» павінны вярнуцца каля 400 працоўных з Кітая.