- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Набліжаецца папулярнае яшчэ на нашых прасторах вясновае свята — 8 Сакавіка. Міжнародны жаночы дзень. Адзіны ў годзе дзень, калі пра жанчын узгадваюць на ўсіх узроўнях, шырока і публічна. У гэты дзень кожны бок будзе гучна казаць пра галоўныя важныя для жанчын рэчы, у асноўным на літару «п»: феміністкі нагадаюць пра правы, а прыхільнікі традыцыйных поглядаў — пра прыгажосць. А так хочацца ўзгадаць іншае важнае слова, без якога ці маюць значэнне ўсе гэтыя правы і прыгажосць? Пачуцці. За святочнымі букетамі, якія часта дораць па інерцыі, за гучнымі і штампаванымі, як пад капірку, віншаваннямі дзяржслужбоўцаў, за агрэсіўнымі феміністычнымі заклікамі змагацца не за кветкі, зусім у ценю застаюцца менавіта пачуцці, якія кожны дзень жыцця, ад самага нараджэння, ёсць ва ўсіх жанчын: у прыгожых і не вельмі, у прыгнечаных і эмансіпаваных. І вакол гэтых пачуццяў у нас, людзей, звычайна і круціцца наша існаванне. Чаго вартае любое змаганне за правы, калі яно не дасягне сваёй галоўнай мэты — шчаслівага і паўнавартаснага жыцця? Мне здаецца, сучасныя феміністычныя рухі часта пачынаюць займацца змаганнем дзеля змагання, выроўніваннем жанчын з мужчынамі дзе толькі можна. Але ж ці ў выроўніванні шчасце? Жанчыны дзе перамаглі, дзе актыўна змагаюцца за права кантраляваць свае цела і рэпрадукцыйныя функцыі, але па-ранейшаму ў большасці сваёй абіраюць стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей. Часта нават коштам працэдуры ЭКА, якая надзвычай дарагая, пакутлівая, і не заўжды заканчваецца паспяхова.