- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Роздум напярэдадні свята 15 чэрвеня ўсе медыкі нашай краіны адзначаць прафесійнае свята — Дзень медыцынскага работніка. Кожны год чакала ад мяне віншаванняў і мая матуля, якая адпрацавала ў процітуберкулёзным дыспансеры больш за 40 год. Месяц таму мамы не стала. Ёй было 77 гадоў. Гэта не мала. Але памерла мама не пасля цяжкай і працяглай хваробы, а з-за непрафесіяналізму лекараў, ад ушчэмленай грыжы. З гэтай хваробай можна было пражыць яшчэ не адзін год. Цэлы тыдзень пасля таго, як адчула боль, яна кожны дзень хадзіла ў паліклініку, дзе ёй рабілі ўколы, выпісвалі таблеткі — лячылі прыступ падстраўнікавай жалозы. У выніку — разрыў кішэчніку, перытаніт, аперацыя, пасля якой яна так і не прыйшла ў прытомнасць. На жаль, гэта не выключны выпадак з дзейнасці медыцынскіх устаноў таго горада, дзе жыла мая матуля. Свядома не буду называць якога, бо ніякіх папяровых доказаў урачэбных памылак, якія здараюцца ў горадзе ўсё часцей, у мяне няма. Ёсць толькі сумныя гісторыі тых, хто стаў іх ахвярамі. Жанчына ў 50 гадоў ледзь не стала інвалідам, таму што, нягледзячы на самае сучаснае абсталяванне, доктар не заўважыў пералом сядалічшнай косці. Трагедыя не здарылася толькі таму, што сяброўка адвяла яе да знаёмага траўматолага-пенсіянера. Мужчына памёр у 45 гадоў ад ацёку мозгу, хаця трапіў у бальніцу з прыступам жоўцекаменнай хваробы і нават ужо рыхтаваўся да выпіскі. Напярэдадні яму зрабілі нейкі ўкол, пасля якога здарылася кома.