- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У гэтым годзе Беларускай Інтэрнэт Бібліятэцы Kamunikat.org споўніцца 25 гадоў!
Будуць новыя кнігі, перавыданні і аудыякнігі! Новымі публікацыямі папоўняцца рэсурсы інтэрнэт бібліятэкі.
Фонд Kamunikat.org адзначыць гэты юбілей між іншым выданнем чарговых беларускіх кніг. Ужо неўзабаве з’явіцца другое выдане раману Уладзіміра Някляева „Гэй Бэн Гінон”.
„З гэтай кнігі, дарэчы, у 2021 годзе пачалася наша выдавецкая дзейнасць – гаворыць кіраўнік Фонду Яраслаў Іванюк. – Мы правялі тады шэраг прэзентацыяў з удзелам Аўтара і Змітра Вайцюшкевіча. Раман карыстаўся вялікай папуларнасцю і цяпер прыйшоў час зрабіць другое выданне, бо падчас розных кірмашоў чытачы пытаюць пра гэтую кнігу”.
«Гэй Бэн Гіном» гэта значыць: «Геена вогненная». Гэта раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». І аўтар вядзе нас да гэтай таямніцы. Але ці адкрывае яе паўнасцю..?
Апрача гэтага мы аддалі у друк новы раман Андрэя Федарэнкі „Сцэнарыст”, у якім аўтар працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў папярэдняй яго кнізе „Жэтон на метро”. Сюжэт закручаны па–майстэрску, тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. „Сцэнарыст” – сапраўдны дэтэктыў і адначасова драма з непрадказальным фіналам.
Неўзабаве выйдзе таксама кніга Лавона Карповіча „Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства”. Гэта будзе незвычайнае падарожжа ў гісторыю нашай краіны. Таму ў кнізе можна сустрэць тое, чаго няма ў навуковых выданьнях, але і адсутнічаюць многія падзеі, бо іх няма на марках. Кніга для зацікаўленых гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і для філятэлістаў, як дапаможнік па стварэньню калекцыі.
Урэшце, у нас трываюць таксама працы над падрыхтоўкай зборніка п’есаў выдатнага беларускага драматурга, сябры журы Прэм’і ім’я Ежы Гедройця, Сяргея Кавалёва „Камедыя Юдзіфі”. У кнігу ўвойдуць новыя п’есы Сяргея Кавалёва, напісаныя ў розных жанрах: гістарычная драма, філасофская камедыя, містычны дэтэктыў, гарадское фэнтэзі, казка–прыпавесць. Верны свайму герменеўтычнаму метаду, драматург плённа выкарыстоўвае ў сваіх п’есах матывы і сюжэты беларускай і сусветнай літаратуры, побач з героямі класічных твораў выводзіць на сцэну іх аўтараў (Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага і інш.), запрашае чытача, а потым і гледача ў падарожжа праз краіны, эпохі, культуры.
Чакайце нашых новых кніг! Усе яны будуць даступныя ў нашай інтэрнэт-кнігарніі Kamunikat.shop