Палітзьняволены Латыпаў спрабаваў парэзаць горла ў залі суду
2021-06-01 15:22
Надзвычайны ініцыдэнт у судзе над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым.
Пасьля перапынку ў судзе над Сьцяпанам Латыпавым першым у якасьці сьведкі выступіў ягоны бацька. Бацька расказаў, што ягоны сын добры спэцыяліст і што ня верыць у ягоную віну.
Пасьля ўстаў Сьцяпан Латыпаў і сказаў, што яму абяцалі прэс-хату і непрыемнасьці родным і блізкім.
«Прэса-хата была ў мяне цягам 51 дня, таму я вырашыў вас пазбавіць ад непрыемнасьцяў», — сказаў Сьцяпан.
Ён устаў на лаўку ў клетцы, каб не дацягнуліся канваіры, і ўтыкнуў сабе ў горла ручку, паведаміла «Вясна». Пацякла кроў, ён страціў прытомнасьць.
Як піша «Наша ніва», у Сьцяпана Латыпава была з сабой папка з дакумэнтамі. Ён дастаў зь яе нейкі прадмет, магчыма, ручку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў сабе штосьці ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым упаў, стаў рэзаць рукі. Адразу не змаглі адкрыць клетку, бо ў канваіраў не было ключоў. Яны былі ў кагосьці за дзьвярыма. Пакуль адкрылі клетку, Сьцяпан ужо страціў прытомнасьць.
За што судзяць Латыпава1 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну пачаўся працэс над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым. Яго затрымалі 15 верасьня 2020 году ва ўласным двары — абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту.
Судзьдзя — Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў. Абараняюць Латыпава адвакаты Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі — яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Сьцяпану Латыпаву выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».
Пры ператрусе ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў. Аднак гэтае абвінавачаньне зьнялі.
Сьцяпана Латыпава прывезьлі на суд зь сіняком пад вокам і перабінтаванай рукой
На пачатку працэсу судзьдзя Аляксандар Воўк паведаміў, што ад 1 чэрвеня фота- і відэаздымкі ў залях судоў дазваляюцца толькі са згоды бакоў. Дзяржабвінаваўца і судзьдзя былі супраць, таму фота і відэа забаранілі.
У Сьцяпана Латыпава відаць сіняк пад правым вокам, запясьце левай рукі забінтаванае, пашкоджана левае вуха, на ўказальным пальцы правай рукі — плястыр. Адвакатка бачыла яго ў пятніцу 28 траўня. Тады такіх траўмаў не было, сказала яна.