Павел Станкевіч: Ведаем пра частковае фінансаванне сямі праектаў Фонда „Тутака”
2023-02-03 12:30
Тры вялікія фестывалі, а таксама конкурсы, канцэрты ды іншыя мерапрыемствы. Фонд “Тутака”, які дзейнічае на Падляшшы, мае багата планаў не толькі на бягучы год, але і на гады наперад. І гэтыя планы скіраваныя на ўсіх беларусаў, незалежна ад таго, па які бок мяжы яны нарадзіліся.
Чарговы «Госць Рацыі» – старшыня Фонда «Тутака» Павел Станкевіч.
РР: Прапаную пачаць размову з самай актуальнай на сёння падзеі для Фонда «Тутака» – завяршыўся прыём заявак на конкурс да Дня роднай мовы. Некалькі словаў і пра сам конкурс, і пра тое, колькі сёлета было ахвотных паўдзельнічаць у гэтым конкурсе.
Павел Станкевіч: Яшчэ да канца колькасці не ведаем. Таму што заяўкі прыходзілі нават пасля поўначы. Напэўна маем каля 80-ці. Дакладна пакуль не ведаем, але 80 маем напэўна. І самае цікавае, і мне гэта вельмі падабаецца, што прынамсі 30 заявак – гэта заяўкі ад дарослых. І мне падаецца, што гэта такая цікавая справа. Гэта значыць, што конкурс цікавы і для дарослых.
РР: Я прыгадаю, адной з умоваў удзелу з’яўляецца запіс кароткага відэа з дэкламацыяй верша абранага аўтара.
Павел Станкевіч: Так. На гэтую першую частку мы вырашылі, як і летась, што адбор адбудзецца паводле запісу відэа.
РР: Я так разумею, што гэта ўдзельнікі з розных краін. Але гэта беларусы ў розных краін?
Павел Станкевіч: Не толькі беларусы. Ёсць і палякі, якім цікавая беларуская культура, у тым ліку і паэзія, ёсць і такія. А заяўкі, з таго што я помню, маем з Польшчы, Беларусі, але таксама і з Літвы, з Грузіі, і яшчэ некалькі краін, якія зараз не згадаю.
РР: Так разумею, цяпер журы будзе разглядаць гэтыя заяўкі. І некалькі словаў пра фінал конкурсу.
Павел Станкевіч: Фінал пройдзе 21 лютага – гэта міжнародны Дзень роднай мовы. Мне падаецца, што гэта самая лепшая дата на такі конкурс. Фінал пройдзе, як і летась, у Беластоцкім лялечным тэатры.
РР: Паколькі гаворым пра дзейнасць Фонда «Тутака», то раней ужо было вядома, што і сёлета будуць зноў гэтыя два асноўныя фестывалі, якія вы пачалі рабіць – фестываль «Тутака», які ўжо два разы прайшоў каля Гарадка, а таксама вы распачалі ў мінулым годзе фестываль, звязаны з беларускай традыцыяй. Таму давайце анансуем гэтыя фестывальныя падзеі. Ну і, вядома, «Бардаўская восень», якую таксама Фонд «Тутака» цяпер арганізуе.
Павел Станкевіч: Ведаем, што маем частковае фінансаванне на 7 праектаў. Тры з іх – гэта фестывалі. І дакладна гэта фестываль «Тутака». Я здзіўляюся, што гэта будзе ўжо трэцяя «Тутака». Час проста не хоча чакаць нас. Ідзе сваім шляхам. Напэўна будзем працягваць, каб «Тутака» ўспрымаўся не толькі як музычны фестываль, але як фестываль сучаснай беларускай культуры і мастацтва. І наступны фестываль – гэта фэст беларускай традыцыі «Сонцаграй». Таксама будзем яго праводзіць. Тут мы імкнемся паказаць, што гэта сапраўды аўтэнтычная народная культура, а не як успрымаецца многімі, што гэта выключна вясковая культура. І наступны фестываль – «Бардаўская восень». Будзем таксама яго разнастайваць, дадаючы літаратурныя і тэатральныя часткі.
Беларускае Радыё Рацыя