Паўліне Лосік споўнілася чатыры гады, яе бацькі застаюцца за кратамі
2023-01-04 16:32
Бацькі Паўліны, Ігар і Дар’я Лосікі, знаходзяцца за кратамі. У справе Дар’і неўзабаве павінен адбыцца суд.
4 студзеня дачцэ журналіста Свабоды Ігара Лосіка і Дар’і Лосік Паўліне споўнілася чатыры гады. Свой дзень народзінаў Паўліна сустрэла з бабулямі і дзядулямі.
Ейныя бацькі цяпер знаходзяцца за кратамі. Ігар адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, Дар’я знаходзіцца ў Берасьцейскім СІЗА.
Бяз таты Паўліна сустракае дзень народзінаў ужо трэці раз, Ігара арыштавалі 25 чэрвеня 2020 году. 14 сьнежня 2021 яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 году, яе абвінавачваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці за камэнтар тэлеканалу «Белсат» аб умовах утрыманьня Ігара Лосіка ў калёніі. Справу Дар’і ужо перадалі ў суд, працэс павінен пачацца неўзабаве.
Трохгадовую Паўліну пасьля затрыманьня Дар’і ўзялі да сябе яе бацькі. Сем’і Ігара і Дар’і апякуюцца дзяўчынкай па чарзе, яна ходзіць у садок.
Павітаць зьняволеных бацькоў Паўліны лістом, тэлеграмай можна па адрасах:
Лосік Дар’і Аляксандраўне, 224030, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 37, СІЗА-7, Берасьце, Беларусь
Лосіку Ігару Аляксандравічу, ПК № 1, 211445, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8, 7 атрад.
Для Дар’і Лосік магчымасьці адпраўляць пасылкі няма, яны ўваходзяць у ліміт перадач. Яна можа атрымліваць грашовыя пераводы на паштовы адрас СІЗА-7 або праз інтэрнэт можна зрабіць плацёж па рэквізытах:
УНП: 200292322
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY49BAPB36429921800110000000
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.
14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.