«Першая сэрыя пра Ціханоўскага зьнятая». Што робіць Курэйчык для Беларусі ў адным з найпрэстыжнейшых унівэрсытэтаў ЗША
2023-02-20 21:43
Ён тлумачыць, чаму ўвайшоў у рэфармаваную Каардынацыйную раду і чаму сябры рады ўжо чацьвёрты тыдзень абмяркоўваюць рэглямэнт. Курэйчык расказаў пра свае новыя праекты, датычныя Беларусі, і патлумачыў, што адбываецца з сэрыялам «Акрэсьціна».
Глядзець размову на відэа цалкам.
Сьцісла
У праграме Yale World Fellow Ейльскага ўнівэрсытэту былі Слава Вакарчук з Украіны, Аляксей Навальны з Расеі. Зь беларусаў я першы. Пасьля заканчэньня праграмы мне зрабілі прапанову працаваць тут. Цяпер я выкладчык па тэме «Мастацтва супраціву», «Беларуская літаратура і кіно», а таксама дасьледчык па тэме «Галакост у Беларусі».
Ідзе паступовае паглынаньне Расеяй нашай інфармацыйнай і культурнай прасторы, фактычнае зьнішчэньне беларушчыны і беларускасьці. Гэта патрабуе ад тых, хто за мяжой, утроіць, удзесяцярыць працу, каб гэта захаваць і разьвіць, каб потым, калі будзе магчымасьць, вярнуць усё ў Беларусь.
Калі нехта хоча данесьці свае погляды ці выпрацаваць стратэгію, то лепшага месца, чым Каардынацыйная рада, не знайсьці. Як зрабіць, каб гэта быў не базар, а эфэктыўная з пункту гледжаньня прыняцьця рашэньняў арганізацыя? І тут ёсьць праблемы, бо людзі розныя. Вось зараз мы працуем над рэглямэнтам, і гэта працягваецца ўжо амаль чатыры тыдні.