- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паміж Узбекістанам і Зімбабвэ. Віцебскі аўтавакзал. Трое мужчынаў, уладкаваўшыся на крэслах у зале чакання, пачынаюць абмяркоўваць падзеі газавага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай. Рэй вядзе самы самавіты з іх, другі зацікаўлена падтаквае, трэці моўчкі слухае. Першы добра абазнаны ў калізіях газавага супрацьстаяньня, і ані на каліва не сумняваецца ў няшчырасці расейскага боку. Відаць па ўсім, ён уважліва глядзіць расейскія тэлеканалы і знаходзіцца пад глыбокім ўплывам афіцыйнага пункту гледжання на гэтую праблему. З ягонага расповеду вынікала, што дрэнныя ўкраінцы крадуць у крыштальна праўдзівых расіянаў з-за таго, што не маюць сродкаў на аплату за газ. На жаль, я сышоў раней, не даслухаўшы да канца гэтую зацікаўленую і даволі эмацыйную размову. Думаю, што іхняе меркаванне наконт украінскай несумленнасці так і не перамянілася. Мяне аднак, у адрозненне ад гэтых грамадзянаў, хвалюе не столькі, хто правы, а хто вінаваты ў гэтай газавай бойцы, колькі празмерная даверлівасць, а разам з тым, абмежаванасць і закасьцянеласць тутэйшага насельніцтва.