- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вуліца была ўскраіннай. Хат на ёй небагата. Недзе было развярнуцца вуліцы. Адным канцом яна ўпіралася ў снулае зялёнае балотца. Другім — у чорны высокі насып чыгункі, за якім распасцёрліся жоўтыя пяскі, амаль голыя, зрэдку толькі прастрочаныя самотнымі кусцікамі крывава-чырвонага ракітніку. Прачыналіся на гэтай вуліцы рана, засыналі позна, затое драмала яна ўвесь працяглы летні дзень. Напаўсоннае яе ачмурэнне толькі зрэдчас пеўнева парушалі гудкі паравозаў ды грукат цяжкіх таварнякоў, што ляскаталі міма.