- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За невялікім, амаль квадратным, акенцам колішняй бацькоўскай хаткі — глыбокая восень. Ужо даўно няма шматпакутных ні бацькі, ні маці, а восень, як ёй належыць, прыходзіць спраўна, штогод, у свой вызначаны час. Надараецца, праўда, рэдка, восень сухая, з сонечнымі лагоднымі днямі, але найчасцей вось такая як сёлета, з надакучлівымі дажджамі, мокрым снегам, бясконцымі, пранізлівымі да касцей, вятрамі... Гляджу ў акенца з хаты і спрабую разгледзець хоць што-кольвечы на вясковай вуліцы. Занятак марны, бо суцэльная залева, з гулам і свістам ветру, няшчадна хвошча па шыбах і там, на вуліцы, непраглядная каламуць. Сумна, моташна на душы, поўны разлад з самім сабою. Справа ў тым, што мяне папрасілі, дакладней сказаць, прапанавалі (адмовiцца ніяк нельга!) напісаць уласную біяграфію.