Беларускі ПЭН абвяшчае поўны спіс намінантаў на прэмію імя Алеся Адамовіча за 2024 год — узнагароду, якая ўжо амаль тры дзесяцігоддзі адзначае творы, што гучаць у такт нашай сучаснасці. Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя ў студзені 1995 года ў памяць пра пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча. Першым старшынём журы быў Васіль Быкаў.
З таго часу прэмія штогод звяртае ўвагу на тых, чыя творчая праца робіцца інструментам асэнсавання, сведчання і супраціву, падтрымкі і надзеі. Сёлета ў поўным спісе — 22 пазіцыі: 14 кніг і 8 артыкулаў у медыя, падкастаў, відэа.
Поўны спіс:
Кніга «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва «Gutenberg Publisher»)
Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ» — Ганна Соўсь
Спецыяльны праект «Выжившие» — калектыў аўтараў і аўтарак Reform. news
Сайт праваабарончага цэнтра «Вясна»
Падкаст «Вясна прыйдзе», спецыяльны сезон «Навошта нам гэта трэба?» — Кацярына А.
Кніга «Горад пра мяне» — Аўтарка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі не абвяшчаюцца публічна)
Кніга «За беларускае жыццё» — выдаўцы радыё «Рацыя», тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва» і цэнтр грамадзянскай адукацыі «Польшча — Беларусь»
Кніга «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр (2010–2020)» — калектыў аўтараў і аўтарак (выдавецтва «Warsztaty Kultury w Lublinie»)
Кніга «Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth minsk»)
Спецыяльны праект «Пятая рэспубліка» — калектыў аўтараў і аўтарак, у партнёрстве з Reform. news
Кніга «Развітанне з Радзімай» — Аксана Шпак (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі не абвяшчаюцца публічна)
Кніга «Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции» — Таццяна Шчытцова (выдавецтва «Логвінаў»)
Кніга «Сонца над дрыгвою» — Дымна Выдэрка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі не абвяшчаюцца публічна)
Кніга «Соня, стой!» — Саша Гук (выдавецтва «Gutenberg Publisher»)
Youtube-канал інтэрв’ю «Ток» — Настасся Роўда
Youtube-выпуск «Фабрика несвободы: тайны тюрем Беларуси, которые должны узнать все» — калектыў аўтараў і аўтарак праекта «Сумленныя людзі»
Кніга «Фэмінізацыя беларускай мовы: Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне» — Уладзіслаў Гарбацкі (выдавецтва «Skaryna Press»)
Кніга «Цела таксама архіў» — Наста Манцэвіч, Алок Вайд-Мэнан (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
Падкаст «Чертежи свободы», сезон 1 — Кацярына Дзяйкала, Кацярына Кузняцова
Кніга «чорны лес» — тоні лашдэн (выдавецтва «Мяне няма»)
Кніга «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» — Таццяна Заміроўская (выдавецтва «Мяне няма»)
Кніга «DESCENT INTO THE MARSH: Belarus and Hong Kong» — Леся Пчолка (самвыд)
Сябры Беларускага ПЭНа маглі намінаваць на прэмію не толькі кнігі, але і іншыя формы выказвання: публіцыстычныя артыкулы, падкасты, дакументальнае кіно, асобныя відэа і відэацыклы. Пры гэтым мэты прэміі застаюцца нязменнымі — ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і вылучэнне твораў, што адгукаюцца на самыя вострыя і балючыя пытанні сучаснасці.
Лаўрэаткі мінулага сезона прэміі:
Віка Біран з кнігай «Я танцую» — за перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, шматслойны досвед і здольнасць змясціць Беларусь у шырэйшы сусветны кантэкст;
Ганна Янкута з кнігай «Час пустазелля» — за глыбокае, эмацыйнае пражыванне досведу міграцыі, у якім пераплятаюцца салідарнасць з Украінай і рэфлексія над беларускай ідэнтычнасцю.
Прэмія імя Алеся Адамовіча — не проста адзнака за твор. Гэта жэст падтрымкі і веры ў сілу творчага выказвання, якое не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта прастора, дзе слова, вобраз, гук або кадр робяцца дзеяннем.