Пратаколы, сінякі, абразы. Як пэнсіянэры ходзяць на мірныя акцыі
2020-09-19 14:56
Гарадзенскія пэнсіянэры расказваюць пра свой досьвед вулічнага змаганьня гэтым летам і восеньню.
67-гадовая Лідзія Ўладзімераўна Прэдка раней працавала на прадпрыемстве «Хімвалакно». Выходзіць па нядзелях на маршы пратэсту ў першых шэрагах. Яе затрымлівалі 13 верасьня, калі спрабавала адбіць дзяўчат у АМАПаўцаў. Пратрымалі 5 гадзін, абражалі, але ня білі. Выпісалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Васілю Міхайлавічу Васкевічу 70 гадоў, ён працуе дворнікам, а раней рабіў будаўніком. Праваслаўны хрысьціянін. На многія акцыі прыходзіць з абразом Маці Божай Калоскай, трымае яе над галавой, часта ідзе ў першых шэрагах. Яго пакуль не затрымлівалі.
68-гадовая Аляксандра Мікалаеўна Ханевіч раней працавала на «Хімвалакне», цяпер яна старшыня вэтэранскай арганізацыі гэтага прадпрыемства. Яе затрымлівалі двойчы: 9 жніўня і 13 верасьня. Кожны раз, калі адбівала ў АМАПаўцаў іншых людзей. Першы раз ёй далі штраф, у другі абражалі, цягнулі за руку, што засталіся сінякі.