Праваабаронцу Ірыну Траццякову будуць судзіць “за апладысменты”
2020-06-22 15:10
Увечары 21-га чэрвеня яе затрымалі і завезлі ў Першамайскі РАУС для складання пратакола за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19-га чэрвеня.
У той дзень у Віцебску прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах – Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам.
Ірына Траццякова патлумачыла, што прысутнічала там не як удзельніца, а як назіральніца ад БХК у межах выбарчай кампаніі:
- Я афіцыйна з’яўляюся доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі “Праваабаронцы назіраюць за выбарамі”.Усе гэтыя мерапрыемствы праходзяць у межах выбарчай кампаніі. Вы можаце, пытаюся ў супрацоўнікаў МУС, даць мне свае відэаматэрыяы?І я з задавальненнем буду сядзець дома і назіраць за тым, што наздымалі вы! Вы гатовыя мне іх даслаць? Вось я гатовая вам даслаць сваю справаздачу, мне ж не шкада!
Міліцыянты не пагадзіліся падзяліцца відэаматэрыяламі, але склалі на Ірыну Траццякову пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Нібыта яна “хлопала ў ладкі, тым самым выражаючы свае асабістыя і іншыя інтарэсы”.
З пратакола Ірына Траццякова не згодная. З іншымі матэрыяламі сваёй адміністрацыйнай справы яна мае намер пазнаёміцца непасрэдна перад судовым працэсам, які адбудзецца 24-га чэрвеня ў судзе Першамайскага раёна.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск