Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем
2020-06-30 12:03
Праваабарончая супольнасць патрабуе неадкладнага вызвалення Ігара Лосіка і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
У сувязі з затрыманнем блогера і адміністратара тэлеграм-канала
«Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і абрання ў дачыненні да яго меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, прадстаўнікі праваабрончай супольнасці Беларусі, яшчэ раз падцвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў раней прынятых заявах ад першага, дзявятага і адзінаццатага чэрвеня 2020 году, прызналі Ігара Лосіка палітычным зняволеным.
Праваабаронцы патрабуюць ягонага неадкладнага вызвалення і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
На сённяшні дзень праваабаронцы прызналі палітзняволеннымі 20 чалавек. 17 з іх былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. 29 траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя
Amnesty International прызнала вязнямі сумлення Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, іх паплечнікаў і блогераў, агулам — 17 чалавек.
Хто такі Ігар Лосік?Ігар Лосік – блогер, адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга», на які падпісана больш за 172 тысячы карыстальнікаў. Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі вакол выбарчай кампаніі прэзідэнта Беларусі. Таксама Ігар з’яўляецца пазаштатным кансультантам выдання “Радыё Свабода”.
У аўторак 25 чэрвеня ў доме ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік з сям’ёй, прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі. Пасля ўтрымання яго у ІЧУ ў Мінску, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага у Мінску.
Беларускі ПЭН-цэнтр