«Раман, жыві і захавай сябе як можаш», — псыхатэрапэўтка пра закладнікаў як гарматнае мяса
2021-06-15 13:18
Псыхатэрапэўтка Натальля Скібская — пра мову цела ўдзельнікаў брыфінгу МЗС з удзелам палітвязьня Рамана Пратасевіча, пра тое, чаго хацелі і чаго дасягнулі ўлады, пра ахвяраў стакгольмскага сындрому і дапамогу закладнікам.
Свабода не цытуе заяваў Рамана Пратасевіча на брыфінгу, бо ён зьняволены.
Глядзець размову на відэа цалкам.
Асноўныя тэзы Натальлі Скібскай
Пра ўдзел Пратасевіча дзеля пашырэньня аўдыторыі
— Найбольш хваляваўся прадстаўнік Сьледчага камітэту, вайскоўцы былі больш падрыхтаваныя. Яны ўсе выконвалі сваё заданьне. Яны павінны, вымушаны былі неяк апраўдвацца. І калі такая мэта была ў іншых сілаў, то яна дасягнутая, бо яны сапраўды апраўдваліся. Удзел Пратасевіча быў, каб павялічыць аўдыторыю. Пры канцы трансьляцыю адначасна глядзелі 7 тысячаў чалавек. Хто ўвогуле глядзіць стрым Белпрэсцэнтру? Я ня ведаю.
Там таксама не дурныя людзі працуюць, ва ўсіх такіх апэрацыях удзельнічаюць псыхолягі і паліттэхнолягі. І хэдлайнэрам гэтай сустрэчы быў Пратасевіч, відавочна.
Пра ахвяру стакгольмскага сындрому
— Тут трэба казаць пра знакаміты стакгольмскі сындром (ахоўна-несьвядомая траўматычная сувязь, узаемная або аднабаковая сымпатыя, якая ўзьнікае паміж ахвярай і агрэсарам. — РС). Усё, што мы бачым, гэта спроба адаптацыі і спроба выжыць. І добра. Кожны мае права жыць, кожны мае права на свабоду і права дамагацца яе такім спосабам, які ён знаходзіць.
Пра паводзіны Рамана Пратасевіча
— Я пабачыла, што ён перакананы ў тым, што робіць. Ён для сябе прыняў нейкае рашэньне. Якія прычыны гэтых паводзінаў — іншая справа. Ён робіць тое, што лічыць слушным у гэтай сытуацыі. І ён казаў пра закладнікаў сытуацыі — Сафію і яго бацькоў. Мне шкада бацькоў і шкада Сафію.
Што да стакгольмскага сындрому, то вялікая колькасьць людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку, таксама хварэюць на яго. Гэта нават не хвароба, а такі спосаб адаптацыі. Каб выжываць, лепей апраўдаць таго, у каго ты ў закладніках. Тады гэта не выклікае ўнутранага канфлікту. І калі псыхіка знаходзіць такі шлях, то гэта добра. Бо калі не, трэба ўвесь час змагацца са сваімі эмоцыямі, хварэць ці ўвогуле нешта рабіць. Прасьцей апраўдаць, сесьці і нічога не рабіць, але гэта не адмяняе таго, што закладнік ёсьць закладнік.
Пра рэакцыю грамадзтва
— Самае небясьпечнае можа быць у далейшым, што яго пачнуць параўноўваць з Васкрасенскім і будуць яго дэманізаваць. Бо людзям прасьцей, калі існуе чорнае і белае. А хацелася б, каб мы захаваліся ў такім стане, калі будзем бачыць ня толькі чорнае і белае, але і іншыя колеры.
Калі гэта ўсё скончыцца, Раману абавязкова спатрэбіцца дапамога псыхатэрапэўта. Калі ў тэрапію прыходзяць ахвяры, то шмат часу займае прыняцьце сваёй ахвярнасьці. Калі ты асэнсоўваеш, што ты ахвяра, закладнік, быў вымушаны, то зьяўляецца шмат складаных эмоцый — нянавісьць, злосьць ды іншыя, якія трэба стрымліваць. Асабліва калі ты ў непасрэднай блізкасьці зь людзьмі, якія трымаюць у закладніках. Псыхіка так працуе, каб знайсьці выйсьце, каб ты змог выжыць побач зь імі, каб не правакаваць новых канфліктаў. Нават нейкую сымпатыю пачынаеш адчуваць да гэтых людзей, асабліва калі ёсьць гульня ў добрага і дрэннага паліцыянта. На тое, каб з гэтым працаваць, спатрэбіцца нейкі час.
Што б сказала Раману Пратасевічу
— Трымайся, Раман, ёсьць людзі, якія за цябе хвалююцца і жадаюць табе найхутчэй свабоды. Жыві і захавай сябе як можаш. Гэта тое, што павінен ведаць кожны закладнік, але гэта не заўсёды адбываецца. Сапраўды, закладнікі гінуць, робяцца гарматным мясам. Немагчыма сказаць, што ўсё будзе добра. Мы ня ведаем. Але як бы там ні было, дапамога будзе. Ён павінен ведаць, што пасьля таго, як ён выйдзе на свабоду, будуць людзі, якія будуць пра яго клапаціцца і будуць разумець яго, ня будуць асуджаць яго. Гэта самае галоўнае.