- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Учарашні васьмікласнік, а цяпер навучэнец палітэхнікума Валодзя Вяргейчык сядзеў за партай і, для выгляду наморшчыўшы лоб, глядзеў на доўгія рады лічбаў, іксоў, ігрэкаў, якія, старанна стукаючы крэйдай, выпісваў на дошцы выкладчык матэматыкі. «I як гэта людзі могуць так разумець — ды што там разумець — захапляцца сухімі бяздушнымі лічбамі? — здзіўляўся Вяргейчык. — Я разумею тры яблыкі ці, скажам, дваццаць пяць кароў, — яму на міг стала весела, — бо гэта можна ўявіць. Але квадратны корань з трох? Лагарыфм з дваццаці пяці? Канечне, лічбы патрэбны, але ж, зноў-такі, толькі тым, каму падабаецца з імі важдацца...» Увесь амаль урок у Вяргейчыка было адчуванне, што выкладчык проста знарок, жартам стараецца даказаць ім, быццам умець абыходзіцца з лічбамі так і гэтак — найвялікшая асалода. Ён нават неяк падспудна чакаў, калі таму надакучыць вадзіць іх за нос і што хутка, засмяяўшыся, выкладчык скажа: «А што, паверылі, што цікава? Вось паверылі ж?» — пасля чаго вытра дошку і пачне на ёй нешта маляваць ці хоць бы пісаць словы, якія так лёгка ўяўляюцца. Вось хоць слова «сіні», напрыклад... (фрагмент)