Сапач, Кудасава, Бартосік, Знак. Найлепшыя кнігі 2022 году
2022-12-23 17:09
Напрыканцы году Радыё Свабода з дапамогай экспэртаў традыцыйна вызначае найлепшыя беларускія кнігі, якія зьявіліся цягам апошніх 12 месяцаў. Гледзячы на сёлетнія імёны аўтараў кніг-ляўрэатаў, мы раптам зразумелі, што нікога зь іх ня можам павіншаваць асабіста.
«Гаспадыня восеньскага дому» — пасьмяротная кніга
Тацяны Сапач.
Наста Кудасава з кнігай
«Побач» і
Зьміцер Бартосік з кнігай
«Забіць упалмінзага» — у вымушанай эміграцыі.
А
Максім Знак ужо два з паловай гады зьняволены беларускім рэжымам. Даведаўшыся пра выданьне на волі ягонага
«Зэкамэрону», турэмнае начальства кінула аўтара ў катоўню. Вось сымбаль твой, беларуская літаратура.
Закратаваная літаратура
За кратамі застаюцца дзясяткі кніжных людзей Беларусі. У іх ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру
Алесь Бяляцкі,
Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандр Фядута, Андрэй Скурко, Ігар Аліневіч, Мікола Дзядок…
Зьліквідаваныя прафэсійныя арганізацыі людзей слова
«Саюз беларускіх пісьменьнікаў» і
«Беларускі ПЭН-цэнтар».
Спынены выхад часопіса
«Верасень» і тыднёвіка
«Новы час».
Пазбаўленыя ліцэнзій недзяржаўныя выдавецтвы «Галіяфы» (адначасова закрытая і кнігарня пры ім), «Мэдысонт» і «Кнігазбор». У стадыі ліквідацыі выдавецтва «Лімарыюс».
Пры спробе адчыніцца разгромленая новая кнігарня «Кнігаўка». Яе стваральнік выдавец Андрэй Янушкевіч пасьля амаль месячнага арышту спыніў сваю дзейнасьць і пакінуў Беларусь.
Закрыты дабрачынны фонд
«Вяртаньне», які быў фундатарам некалькіх незалежных літаратурных прэмій. Ягоны дырэктар
Сяргей Макарэвіч арыштаваны.
«Чытач» Азаронак і кнігі «экстрэмісткі»
Дзяржаўны прапагандыст Рыгор Азаронак сёлета актыўна зацікавіўся беларускай літаратурай. Яго неаднаразова можна было бачыць у менскіх кнігарнях, пасьля чаго кіраўнікам прыходзілі ўказаньні вышэйшага начальства прыбраць з продажу творы неляяльных да ўлады аўтараў. А як толькі «чытач» Азаронак пабываў на адкрыцьці новай менскай кнігарні
«Кнігаўка», то прыбралі і саму кнігарню. Кнігі зь яе забралі на экспэртызу.
У выніку «эктрэмісцкімі» былі прызнаныя беларускі пераклад «Баляды пра маленькі буксір» Ёсіфа Бродзкага (першая публікацыя набэліянта) і гістарычная манаграфія Сьвятланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі». Абедзьве выйшлі ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча. Трэцяй стала выстаўленая ў «Кнігаўцы» «Айчына» Ўладзімера Арлова, выдадзеная ў «Тэхналёгіі».
Раней сёлета «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя «Краткий курс истории Беларуси» Анатоля Тараса, ягоны ж зборнік артыкулаў «Беларусь на распутье», «Ваенная гісторыя Беларусі» Віктара Ляхора, раман
Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», зборнік Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя». А пачаўся гэты сьпіс у 2017 годзе з кніг Зянона Пазьняка «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» і «Добрая фатаграфія».
«Мы зьехалі, а любімыя кнігі засталіся дома»
Чатыры новыя беларускія выдавецтвы за год — такі вынік працы памнажальнікаў айчыннай папяровай кнігі ў замежжы. Першымі выданьнямі ўжо пасьпелі заявіць пра сябе
«Гутэнбэрг» у Кракаве,
«Кнігаўка» і
«Полацкія лябірынты» ў Варшаве ды
Skaryna Press у Лёндане. Няма сумневу, што іх чакае посьпех. На прэзэнтацыі новых кніг паўсюль ад Вільні да Лёндану прыходзяць дзясяткі выпхнутых рэжымам з радзімы актыўных чытачоў.
Першым, хто зразумеў новую сытуацыю з беларускай кнігай у замежжы, быў беластоцкі
«Камунікат». Раней ягоны стваральнік і кіраўнік
Яраслаў Іванюк лічыў, што час папяровых выданьняў мінуў, ды актыўнічаў зь іх пераводам у лічбавы фармат. У выніку чаго «Камунікат» стаў найбуйнейшай ў сьвеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкай. Але летась Іванюк адважыўся на выданьне новага раману Ўладзімера Някляева «Гэй Бэн Гіном» у традыцыйным фармаце. Кніга, зь якой аўтар і выдавец праехалі па дзесяці гарадох Польшчы ды Літвы, мела вялікі посьпех. Давялося дадрукоўваць наклад.
Чакаючы новых кніг, чытачы закідалі «Камунікат» просьбамі перавыдаваць і ранейшыя. «Мы зьехалі, а любімыя кнігі засталіся дома», — тлумачылі яны свае просьбы. Бо і сапраўды, хатнюю бібліятэку ў валізку не пакладзеш. У выніку за год з варштатаў «Камунікату» выйшла каля дзясятка перавыданьняў, сярод якіх бэстсэлеры Віктара Марціновіча ды Ўладзімера Арлова.
Гэткім чынам на сёньня з улікам паўсталых раней «Логвінава» ў Вільні, «Вясны» ў Празе ды пераарыентаванага ў Беластоку «Камунікату» за мяжой працуе сем беларускіх выдавецтваў.
Лягчэй ластаўцы пераляцець праз мора, чым беларускай кнізе праз кардон
Людзям у Беларусі недасяжныя замежныя выданьні. Як і змушаным эмігрантам — беларускія. Сёе-тое, як тая ластаўка праз мора, усё ж пералятала праз кардоны. Але шматлікія нашыя просьбы да чытачоў па абодва бакі мяжы далучыцца да вызначэньня найлепшых кніг году натыкаліся на адмову праз адсутнасьць магчымасьці бачыць агульную панараму.
Гэтая панарама ў самой Беларусі, трэба прызнаць, парадзела ў разы ў параўнаньні нават з папярэднім годам, не кажучы ўжо пра пяць гадоў таму. Тады выдаваліся дзясяткі паэтычных, празаічных ды дакумэнтальных томікаў ды тамоў і мы маглі прасіць нашых экспэртаў назваць па пяць лепшых кніг году ў кожным жанры. А дзесяць гадоў таму кожны з іх называў па дзесяць паэтычных, празаічных ды нонфікшанаўскіх намінантаў.
Ну але маем тое, што маем: дзесяць асобаў (па пяць тут і там) вызначылі па адной найлепшай кнізе году ў кожнай намінацыі. Імёны экспэртаў з Беларусі мы з прычынаў іхняе бясьпекі не называем. Яны ў нас звычайныя чытачы. Зрэшты, у літаратурным працэсе ўсіх часін і народаў Чытач — самая важная і важкая фігура.
Агульны сьпіс названых кнігаў
Паэзія
Тацяна Сапач. Гаспадыня восеньскага дому. «Вясна», Прага.(2)
Наста Кудасава. Побач. «Цымбераў».(2)
Антаніна Хатэнка. Вербніца. «Кнігазбор».(1)
Вольга Гапеева. Парадокс «Немаўля». «Галіяфы».(1)
Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы. «Вясна», Прага.(1)
Марыя Мартысевіч. Водападзел. «Полацкія лябірынты».(1)
Данута Бічэль. Гаўя ўпадае ў Нёман. «Про Хрысто».(1)
Ганна Янкута. Геалёгія. «Колас».(1)
Проза
Максім Знак. Зэкамэрон. «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».(3)
Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор».(2)
Сьцяпан Стурэйка. Пасажыры карабля Тэсэя. «Янушкевіч».(2)
Алег Дашкевіч. З вышыні птушынага палёту». Цымбераў».(1)
Сьвятлана Аўдзейчык. Кніга здольных 2: нашчадкі агрыяў. «Галіяфы».(1)
Сяргей Рублеўскі. Барлёшы па назе. «Галіяфы».(1)
Дакумэнталістыка
Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».(3)
Усевалад і Анатоль Сьцебуракі. Сьцебуракаў лёс. «Кнігазбор».(2)
Сяргей Лескець. Шэпт. «Цымбераў».(2)
Сяргей Абламейка. Чаму Беларусь не Расея. «Бібліятэка Свабоды».(1)
Алесь Бяляцкі. Беларускі ПЭН і «Полацкія лябірынты».(1)
Тацяна Астроўская. Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988). «Праваабарончы цэнтар «Вясна».(1)
Як мы вызначалі рэйтынг
Агулам названыя дваццаць намінантаў. Некаторыя з экспэртаў упадабалі адну і тую ж кнігу. Лічба ў дужках азначае, колькі разоў называлася выданьне. Простая сума гэтай колькасьці вызначыла аўтараў кніг-ляўрэатаў. Імі сталі ў паэзіі Тацяна Сапач і Наста Кудасава з аднолькавай колькасьцю галасоў, у прозе Максім Знак і ў дакумэнталістыцы Зьміцер Бартосік.
Як галасавалі нашы экспэрты
Наталля Русецкая, паэтка, літаратуразнаўца
Паэзія: Тацяна Сапач. Гаспадыня восеньскага дому. «Вясна», Прага.
Проза: Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор».
Дакумэнталістыка: Сяргей Абламейка. Чаму Беларусь не Расея. «Бібліятэка Свабоды».
Чытачка А.
Паэзія: Антаніна Хатэнка. Вербніца. «Кнігазбор».
Проза: Алег Дашкевіч. З вышыні птушынага палёту. «Цымбераў».
Дакумэнталістыка: Усевалад і Анатоль Сьцебуракі. Сьцебуракаў лёс. «Кнігазбор».
Зьміцер Вішнёў, літаратар, мастак, кнігавыдавец
Паэзія: Вольга Гапеева. Парадокс «Немаўля». «Галіяфы».
Проза: Сяргей Рублеўскі. Барлёшы па назе. «Галіяфы».
Дакумэнталістыка: Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».
Чытачка У.
Паэзія: Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы. «Вясна», Прага.
Проза: Сьцяпан Стурэйка. Пасажыры карабля Тэсэя. «Янушкевіч».
Дакумэнталістыка: Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».
Ванда Марцінш душ Рэйш, паэтка, перакладчыца
Паэзія: Наста Кудасава. Побач. «Цымбераў».
Проза: Максім Знак. Зэкамэрон. «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Дакумэнталістыка: Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».
Чытач Б.
Паэзія: Марыя Мартысевіч. Водападзел. «Полацкія лабірынты».
Проза: Сьцяпан Стурэйка. Пасажыры карабля Тэсэя. «Янушкевіч».
Дакумэнталістыка: Сяргей Лескець. Шэпт. «Цымбераў».
Алесь Аркуш, літаратар, кнігавыдавец
Паэзія: Наста Кудасава. Побач. «Цымбераў».
Проза: Максім Знак. Зэкамэрон. Серыя «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Дакумэнталістыка: Тацяна Астроўская. Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988). «Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Чытачка Д.
Паэзія: Данута Бічэль. Гаўя ўпадае ў Нёман. «Про Хрысто».
Проза: Максім Знак. Зэкамэрон. Сэрыя «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Дакумэнталістыка: Алесь Бяляцкі. «Беларускі ПЭН і «Полацкія лябірынты».
Валянціна Андрэева, кнігавыдавец
Паэзія: Ганна Янкута. Геалёгія. «Колас».
Проза: Сьвятлана Аўдзейчык. Кніга здольных 2: нашчадкі агрыяў. «Галіяфы».
Дакумэнталістыка: Сяргей Леськець. Шэпт. «Цымбераў».
Чытач Х.
Паэзія: Тацяна Сапач. Гаспадыня восеньскага дому. «Вясна». Прага.
Проза: Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор".
Дакумэнталістыка: Усевалад і Анатоль Сьцебуракі. Сьцебуракаў лёс. «Кнігазбор».