Саранчукоў: Рашэнне даць прэмію прадстаўнікам трох народаў – правільнае
2022-12-12 14:03
10 снежня Нобелеўскую прэмію міру ў Осла атрымалі праваабаронца Алесь Бяляцкі з Беларусі, расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і ўкраінская праваабарончая арганізацыя «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў».
Палітык, выконваючы абавязкі старшыні Партыі БНФ, Вадзім Саранчукоў лічыць, што гэта ўручэнне ўзнагароды ўсёй беларускай грамадзянскай супольнасці:
– Урученне Нобелеўскай прэміі міру – гэта прызнанне працэсаў, якія зараз адбываюцца, і ўнёску тых людзей, якія за гэтыя працэсы адказваюць. Безумоўна, Алесь Бяляцкі, як выбітны беларус, выбітны чалавек, тое, што ён рабіў усе гэтыя апошнія гады, унёсак у дэмакратыю, свабоду нашага народу і ўвагуле вяршынства правоў чалавека, як гэта ёсць ва ўсім цывілізаваным свеце, і за гэта – дастойнае прызнанне. Для мяне гэта безумоўны гонар і безумоўна знакавая падзея, як для беларускай палітыкі, так і для грамадзянскай супольнасці.
Вадзім Саранчукоў таксама адсочваў рэакцыю, якая была на ўручэнні гэтай прэміі ва Украіне:
– Разумею стаўленне вялікай колькасці ўкраінцаў да ўручэння прэміі тром намінантам. Безумоўна, тыя падзеі, тая вайна, якая ідзе зараз ва Украіне, накладае свой адбітак на ўспрыняццё ўкраінцамі свету. Але мне падаецца, што Нобелеўскі камітэт вельмі адказна падыйшоў да сітуацыі. Сутнасць прэміі – аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць. Рашэнне было слушае і правільнаве.
Пасля рэпрэсіяў ў Беларусі Вадзім Саранчукоў быў вымушаны з’ехаць у Літву, дзе па яго словах ён ужо больш за год знаходзіцца ў «доўгатэрміновай камандзіроўцы».
Беларускае Радыё Рацыя