Сетка Дамоў правоў чалавека асуджае рэпрэсіі ў Беларусі
2020-06-24 14:52
Фонд Дамоў правоў чалавека выступіў з заявай, у якой заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і забяспечыць выкананне прававых абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.
З 18 чэрвеня 2020 года, па дадзеных ПЦ “Вясна”, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту па ўсёй краіне былі затрыманыя і арыштаваныя больш за 200 чалавек. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 19 чэрвеня былі затрыманыя 13 журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. Усе яны былі вызваленыя ў той жа дзень, за выключэннем журналіста Сяржука Лацінскага, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Акцыі пратэсту сталі адказам на апошнія дзеянні беларускіх уладаў па замоўчванні і запалохванні палітычнай апазіцыі, у тым ліку Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Святланы Ціханоўскай і Паўла Севярынца, а таксама журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У выніку, шэсць незалежных экспертаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заклікалі ўлады спыніць рэпрэсіі супраць мірнага ажыццяўлення асноўных свабод і правоў чалавека.
Апошнія падзеі з’яўляюцца працягам некалькіх месяцаў усё больш жорсткіх і рэпрэсіўных дзеянняў супраць незалежнай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку журналістаў. Толькі ў першай палове траўня "Вясна" паведаміла пра 120 затрыманняў мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў. 29 траўня міліцыя затрымала 15 чалавек, якія збіралі подпісы ў падтрымку аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Беларускія ўлады вядомыя шматгадовай гісторыяй перыядычных парушэнняў правоў чалавека, звычайна звязаных з палітычнымі працэсамі. У 2017 годзе спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі назваў такія парушэнні “цыклічнымі”, паколькі яны часта звязаныя з цыклам прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на міжнароднае прызнанне такіх тэндэнцый, вельмі мала зроблена дзеля памяншэння рызыкаў, звязаных з гэтым відам рэпрэсій, як з боку Беларусі, так і прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці.
З набліжэннем да прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца 9 жніўня, улады нясуць адказнасць за тое, каб усе палітычныя галасы былі пачутыя і кожны меў права ўдзельнічаць у мірных сходах. Журналісты мусяць безперашкодна асвятляць падзеі ў краіне. Праваабаронцы павінны свабодна працягваць сваю працу, якая мае вырашальнае значэнне для абароны асноўных правоў чалавека.
Фонд Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады:
вызваліць усіх затрыманых за грамадзянскую і палітычную дзейнасць і спыніць далейшыя рэпрэсіі супраць іх, у тым ліку супраць праваабаронцаў і журналістаў;
скасаваць усе штрафы, накладзеныя на ўдзельнікаў мірных сходаў;
прадаставіць усім кандыдатам у прэзідэнты магчымасць свабодна ўдзельнічаць у свабодных і справядлівых дэмакратычных выбарах;
запрасіць незалежную місію БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі;
зрабіць захады па выпраўленні масавых парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся за апошнія месяцы;
забяспечыць выкананне прававых абавязацельстваў Беларусі як унутры краіны, так і ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека.
Мы прызнаем заявы і пазіцыі міжнароднай супольнасці, уключаючы Еўрапейскі саюз і сябраў Еўрапейскага парламента. Аднак незалежнай грамадзянскай супольнасці і праваабаронцам тэрмінова патрэбная большая падтрымка.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць:
лабіраваць рэалізацыю вышэйзгаданых патрабаванняў беларускімі ўладамі;
прадэманстраваць салідарнасць з праваабаронцамі, у тым ліку з журналістамі, якія сутыкаюцца з рэпрэсіямі за мірныя акцыі пратэсту і іншыя мірныя грамадзянскія і палітычныя дзеянні;
адсочваць і публічна паведамляць пра рэпрэсіі да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня;
падтрымаць незалежнае назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня і падтрымліваць своечасовы рэліз справаздачаў аб такім назіранні;
падтрымліваць непасрэдную сувязь з незалежнай грамадзянскай супольнасцю і праваабаронцамі на працягу наступных месяцаў;
падтрымаць падаўжэнне мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 44-й сесіі Савета па правах чалавека ААН.
ПЦ «Вясна»