- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Герой фільму – жыхар раёну Студзіводы ў Бельску Падляскім Дарафей Фіёнік: беларус, грамадзянін Польшчы (як і ягоныя продкі), выпускнік праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэгент царкоўнага хору, стваральнік Музею малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, рэдактар этнаграфічнага часопісу «Бельскі гасцінец», аўтар кніжак пра гісторыю рэгіёну. Ён заснаваў гурт «Жэмэрва» («Żemerwa»), што выконвае аўтэнтычны фальклор Падляшша, а кіруе калектывам ягоная сястра Анна Фіёнік. Дарафей рэгулярна ладзіць этнаграфічна-фальклорныя імпрэзы з удзелам ансамбляў з Беласточчыны і беларускага Палесся. А яшчэ ён займаецца фермерствам і з дапамогаю сям’і традыцыйным спосабам вядзе гаспадарку на плошчы некалькі гектараў: малоціць збожжа цэпам, косіць касою, жне сярпом і сее ўласнымі рукамі. Аднак найважнейшым сваім абавязкам Дарафей лічыць прапаганду духоўнай і матэрыяльнай культуры падляшскіх беларусаў – на ўзор біблейскага сейбіта, каб тое зерне «ўпала на добрую зямлю і дало плод».