Сённяшняя «Госця Рацыі» — перакладчыца і беларусістка Яанна Бернатовіч, выкладчыца польска-беларускай школы перакладу «Слова на Слова», якая арганізуецца Цэнтрам Мерашэўскага.
Набор у школу ўжо завяршыўся, і цяпер арганізатары рыхтуюцца да абвяшчэння вынікаў — да канца лістапада стануць вядомыя імёны ўдзельнікаў і ўдзельніц, якія возьмуць удзел у першай праграме.
Яанна Бернатовіч — адна з найвядомейшых перакладчыц беларускай літаратуры ў Польшчы. Яна пазнаёміла польскіх чытачоў з ключавымі тэкстамі беларускай культуры: пераклала дакументальную кнігу
Аляксандра Лукашука «След матылька», аўтабіяграфію
Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», раман
Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Пагаворым з Яаннай Бернатовіч пра тое, што чакае будучых навучэнцаў, і якія беларускія кнігі адкрываюць новыя гарызонты для польскай культуры:
РР: Завяршаецца набор, і што чакае тых, хто паспеў падаць заяўку?
Яанна Бернатовіч: Фармат гэтай майстэрні вельмі багаты і палягае на тым, што раз на месяц са студзеня да чэрвеня 2026 года адбудуцца сустрэчы ў Варшаве ў суботу і нядзелю. Увесь дзень з раніцы да вечара будзем працаваць, перакладаць, сустракацца з цікавымі людзьмі, і гэта будзе таксама нагода да інтэграцыі, да таго, каб размаўляць, абменьвацца думкамі. І таму, мне здаецца, што гэта школа, гэты семінар можа быць сапраўды карысным, таму што там ёсць магчымасць быць разам, працаваць супольна, а з другога боку, увесь час будзе магчымасць сядзець і працаваць самастойна, як перакладчык, і перакладаць тэксты. Фармат такі, што кожны ўдзельнік атрымлівае тэкст для перакладу і будзе з ім працаваць і будуць надрукаваныя кароткія апавяданні ўжо ў перакладах нашых удзельнікаў семінара.
РР: Ці можам мы сказаць, што гэты перакладніцкі воркшоп такі свайго роду адзіны ці ёсць нешта падобнае?
Яанна Бернатовіч: Адбываліся такія семінары, іх арганізоўваў Калегіум Усходняй Еўропы і пастаянна адбываюцца, але часцей цяпер адбываюцца ў фармаце з украінскай мовай, або іншымі мовамі. Каб толькі беларуская мова, я была на такім семінары толькі адзін раз у Гданьску. Гэта было можа 14 — 15 гадоў таму. А так, можна сказаць, што гэта пэўная інавацыя, што даўно такога не было ў Польшчы. Не было такой магчымасці і такой працы менавіта толькі з беларускім тэкстам, з беларускай літаратурай.
РР: Як удзельнікі польска-беларускай школы перакладу «Слова на Слова» могуць пасадзейнічаць папулярызацыі беларускай літаратуры ў Польшчы? Ці можам мы чакаць, што па выніках можа будзе нейкі альманах ці выданне зробленых перакладаў?
Яанна Бернатовіч: Дакладна так, будзе выданне. Увогуле, мне вельмі падабаецца фармат семінара, таму што ў яго ёсць пэўная працягласць. Гэта суцэльны праект, што працуем паўгода, кожны ўдзельнік атрымлівае для перакладу кароткае беларускае апавяданне, і працуе над перакладам гэтага апавядання на польскую мову. Як вынік гэтага семінара, будзе анталогія кароткага беларускага апавядання друкам. Гэтыя нашыя перакладчыкі адразу атрымліваюць магчымасць убачыць свае пераклады ў друку. Таму гэта такі праект, які дае канкрэтны вынік. І думаю, што гэта яго моцны бок.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле!
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Яанны Бернатовіч