- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Роднае слова. Гэта тое слова, якое прыйшло ад маці, якое мы пачулі з матчыных вуснаў са з’яўленнем на гэты свет. Нават пакуль не разумеючы яго сэнсу. Роднае слова – гэта матчына мова. “Родная мова – гэта самае вялікае багацце, якім валодае кожны народ”, - зазначае паэт С.Законнікаў. Гэта багацце, якое перададзена нам у спадчыну ад нашых продкаў, каб мы карысталіся ім, зберагалі і памнажалі. Родная мова – гэта наша шчасце і боль. Шчасце, бо мы – вялікі народ, шматпакутная нацыя, якая мае сваю мову, культуру, гісторыю. Боль, бо наша родная мова ўжо ў каторы раз на мяжы знішчэння. А знікне мова, адамрэ народ беларускі. Як слушна гаворыць С.Законнікаў: “Разам з роднаю моваю, нацыянальнымі духоўнымі, культурнымі традыцыямі чалавек страчвае вельмі многае, мяняюцца ягоная псіхіка, характар, натура, паводзіны, прытупляецца, а потым знікае пачуццё самапавагі, годнасці, адказнасці за сваю зямлю, яе будучыню, за лёс нашчадкаў у гэтым свеце. І сапраўды, мы ўжо многае страцілі, многае знікае ў нашым характары і паводзінах. Многае. Але яшчэ не ўсё. Яшчэ можна становішча выправіць.