- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сімвалы нашай свядомасці. Над зямлёю па блакітным небе плывуць белыя аблачынкі. Я, раскінуўшы рукі, ляжу на выспе ціхаакіянскага берага Новай Зеландыі. Гэта край зямлі, дзе ўжо чуецца подых Атлантыды, амаль адваротны бок нашага блакітнага прыгожага «шарыка». I здаецца мне, што дакранаюся плячыма мурожнага берага Крывога возера на Ушаччыне. I тыя некалькі ягадак, што намацаў рукою побач, падобныя да нашых журавінаў, але драбнейшыя і не такія сакавітыя, усё ж вярнулі думкамі да роднай зямлі. Ды воблакі, як у нас на «бабіна лета», і ракавіны, што нагадваюць дняпроўскія, хіба толькі прыгажэйшыя. I прыйшла думка пра Беларусь, пра яе будучыню, дзеля якой трэба працаваць і пра якую трэба клапаціцца, каб захаваць тое, што ад Бога на гэтай зямлі. Нам дадзены цудоўны край, але як сталася, што народ наш абяздолілі гістарычнай памяццю, падмянілі яму сімвалы веры і свядомасці, зрабілі ці не самай індэферэнтнай з нацыяў у Еўропе!