«Занзібар. Сталеньне маладой душы»— Сяргей Дубавец;«Перамена месцаў» — Югася Каляда;
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала;
«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны.
Старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай адзначае адметнасьць як самой прэміі, гэтак і сёлетняй сытуацыі яе вызначэньня і ўручэньня.
«З аднаго боку прэмія Гедройця прыцягвае найбольш увагі чытачоў беларускай літаратуры, бо мае найбольшы грашовы складнік і выклікае найбольш гарачых абмеркаваньняў у камэнтарах, сацсетках, у супольнасьцях літаратараў. З другога боку, у нас ёсьць іншыя прэміі і мы крыху перажываем праз тое, што яны застаюцца ў ценю Гедройця. Таму 15 лістапада, у дзень уручэньня прэміі Гедройця адбудзецца таксама ўручэньне прэміі Францішка Аляхновіча, якую мы робім супольна з Радыё Свабода — гэта прэмія за твор, напісаны ў зьняволеньні», — распавяла Тацьцяна Нядбай.
Уручэньне прэміі імя Гедройця адбудзецца ў Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці ў Гданьску. Сама ўрачыстая цырымонія пачнецца а 19:00. Аднак, паводле арганізатараў, гэтая пляцоўка будзе аддадзеная сьвяту беларускай літаратуры на цэлы дзень.
Што да верагодных «ляўрэатаў Гедройця», Тацяна Нядбай імкнецца да апошняга падтрымліваць інтрыгу, уласьцівую конкурсу.
«Хто зойме першае, другое ці трэцяе месца — гэта вызначаецца прафэсійным журы, тут ёсьць пэўная доля эстэтычных літаратурных упадабаньняў. І гэта, вядома ж, інтрыга. Гэта ніколі немагчыма прадказаць. Нават сябры журы, калі яны прыходзяць працаваць у новым сэзоне і думаюць, што пераможа гэтая кніга, могуць памыліцца, бо па выніку можа адбыцца іншае. Працэс вельмі складаны: абмеркаваньні, перакананьні адно аднаго, аргумэнтацыя. Дарэчы, увогуле гэтая стадыя прэміі — магчыма, самы цікавы момант у тым, што адбываецца, а тое, што мы бачым на цырымоніі ўручэньня прэміі — гэта толькі як вяршыня айсбэргу».
Тацяна Надбай расказала пра абстаноўку і праграму заўтрашняй урачыстасьці.
«У залі ў нас будуць захаваныя пустымі некаторыя крэслы — як напамін пра зьняволеных людзей слова. Такім чынам мы іх ушануем, забясьпечым іх сымбалічную прысутнасьць на такіх важных урачыстасьцях. Будзе працаваць кніжны кірмаш і адбудуцца некалькі дыскусій, якія мы лічым вельмі важнымі для беларускай літаратуры. Гэтак, будзе дыскусія пра пераклады беларускіх кніг, якія выходзяць у польскіх выдавецтвах, альбо не выходзяць. Таксама заплянаваныя сустрэчы з удзельнікамі шорт-ліста — да нас даехалі 5 зь іх. Гэта, дарэчы, вельмі важны паказчык, што такое адбудзецца. Вельмі складана было гэта падрыхтаваць, улічваючы і фінансавы бок, значна складаней, чым раней было ў Менску», — сказала старшыня Беларускага ПЭНУ.
Паводле Тацяны Нядбай яшчэ адным адметным пунктам праграмы 15 лістапада стане дыскусія з ляўрэатамі прэміі «Голас пакаленьня свабоды».
«Хачу падкрэсьліць, што гэта ня будзе ўрачыстасьцю ўручэньня самой прэміі, бо мы ня маем магчымасьці ўсіх сабраць на такую цырымонію. Але мы робім дыскусію з удзелам асобных ляўрэатаў, каб таксама прэзэнтаваць электронную кнігу размоваў з ляўрэатамі прэміі „Голас пакаленьня свабоды“. Заўтра гэтая кніга якраз зьявіцца ў электронным выглядзе», — паведаміла Тацьцяна Нядбай у гутарцы з Радыё Свабода.
Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Арганізатарамі конкурсу прэміі з’яўляюцца Аб’яднаньне «Беларускі ПЭН», асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў», пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытуту ў Менску.
Мэты Прэміі ёсьць вызначэньне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове; ушанаваньне памяці Ежы Гедройця — публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай; падтрымка актуальных беларускіх пісьменьнікаў, спрыяньне выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень; спрыяньне паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.