Стрыечны брат Парфянкова дабраўся да лагера бежанцаў
2022-11-07 20:32
Польская зямля часамі сустракае беларускіх уцекачоў непаразуменнямі.
Стрыечны брат загінулага Васіля Парфянкова – Сяргей Бандарэнка, які ўцёк з Беларусі, заплаціў за квіток 80 даляраў у цягніку „83-170 Гданьск-Кракаў”, які адыходзіў а 23.51 4-га лістапада да Варшавы, то-бок 377 злотых пры кошце квітка 71 злоты, кажа Сяргей Бандарэнка:
– Я спытаў у паліцыі: „Колькі будзе каштаваць квіток, калі я яго не ў касе набываю?” У мяне было 110 злотых, сказалі „Хопіць”. Я садзіўся са спадзяваннем, што мне хопіць. Ён да мяне падыходзіць, дастае нейкі прыборчык, а на прыборчыку напісана 221 злотых. Я дастаю 110, паказваю яму, пытаю: „Колькі яшчэ?” У мяне былі яшчэ дробныя даляры, таму вырашыў даплаціць далярамі”. Ён пабачыў, што ў мяне 80 даляраў, кажа „Хопіць”. Я без задняй думкі, я не ведаў курсу, нічога, даў яму 80 даляраў. Ён мне выбіў квіток.
Паводле Сяргея Бандарэнкі, ён быў у такім стомленым стане, што не адразу зразумеў пра такую істотную розніцу кошту квіткоў у касе і ў кандуктара.
Яму прыйшлося ўцякаць з бальніцы, куды яго завезлі сілавікі пасля допыту. Зараз Сяргей Бандарэнка знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў. Ім зоймуцца праваабаронцы.
Беларускае Радыё Рацыя