Суды ў Гародні над актывістамі пратэстаў не спыняюцца
2020-06-30 23:05
Дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту Уладзіміру Навуміку прысудзіла суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Ларыса Барэль, як аднаму з фігурантаў брутальнага затрымання АМАПам удзельнікаў сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім 29-га травеня.
Суд над актывістам праходзіў праз скайп.
Кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які назіраў за судовым працэсам:
– Ужо два чалавекі засуджаны. Сёння Ларыса Барэль засудзіла да 10 сутак адміністрацыйнага арышту Уладзіміра Навуміка, нягледзячы на ўсе юрыдычныя довады і доказы яго невінаватасці. Па першым пратакале “Хуліганства” – да 4-х сутак. Па другім пратаколе “Непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі” – да 6-ці сутак. Агулам на 10 сутак. Такое ж самае абвінавачванне чакаецца яшчэ абвяшчэннем пастановы па справе Яўгена Разнічэнкі.
Падобная карная пастанова была зроблена ў будынку Абласнога суда Гародні 29-га чэрвеня ў справе Васіля Баброўскага, якога да дзесяці сутак арышту прысудзіў суддзя Ленінскага раённага суда Руслан Гурын.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя