Сяргей Дубавец: Алесь Бяляцкі – чалавек у адным шэрагу з Францішкам Скарынам
2022-12-12 13:55
Журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, даўні сябар нобелеўскага лаўрэата праваабаронцы Алеся Бяляцкага, у сваёй прамове падчас святкавання ўручэння Нобелеўскай прэміі міру беларусу, заўважыў, што Бяляцкі – гэта асветнік, які вымушаны тлумачыць беларусам ужо звыклыя для іншых народаў рэчы.
Пра гэта і іншае
Сяргей Дубавец у перадачы
«Госць Рацыі».
РР: Вы казалі пра Алеся Бяляцкага як асветніка, які зараз працуе для меншай часткі беларускага грамадства. Бо самі беларусы, як вы зноў жа сказалі, на дадзены момант не маюць сваёй дзяржавы. А ці няма такой пагрозы, што гэтая праца так і застанецца для меншасці і што беларусы так і будуць жыць-знікаць без дзяржавы?
Сяргей Дубавец: Ну я не зусім так казаў, што ён працуе для меншасці. Наадварот я казаў, што сёння дзяржаву, яе функцыю ў Беларусі, нармальную дзяржаву, замяняе найперш праваабарончы рух. І тут не справа ў меншасці-большасці, а справа ў тым, што чалавек элементарна павінен мець права на жыццё, на бяспеку. А ў Беларусі сёння чалавек ад дзяржавы мае наадварот – небяспеку і часам нават смерць. І як раз праваабаронцы гэта фіксуюць, паказваюць усяму свету, што адбываецца ў краіне, у цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі. А меншасць – гэта я меў на ўвазе, што праваабарона не разумеецца ўсімі беларусамі, нават большасцю беларусаў, не разумеецца як нешта неад’емнае і нешта абсалютна базавае, як іхняе ўласнае, кожнага, права на жыццё, свабоду, выбар і г.д.
РР: Ці гэта можа змяніць сітуацыю? Дзе шукаць надзею? Як яе рэалізаваць? Ці Беларусь на гэты раз зможа выстаяць? Былі 1863 год, 1918 год. Некалькі разоў Беларусь уздымала галаву і ўсё заканчвалася не вельмі добра. А зараз вельмі фатальна ўсё выглядае.
Сяргей Дубавец: Тое, што ў гэтым пераліку быў 2020 год, калі выйшла практычна ўся Беларусь на вуліцы, і нават у буйных вёсках, а нават і ў не буйных вёсках выходзілі людзі са сцягамі, такога ў нашай гісторыі яшчэ не было ніколі. Такога маштабу, такога адзінства, такой салідарнасці, такой здольнасці да самаарганізацыі. І таму, як раз параўноўваючы з ранейшымі спробамі, можна сказаць, што прагрэс вельмі вялікі. Зараз гэта ўсё змянілася на рэпрэсіі, на тэрор з боку таго рэжыму, які называе сябе дзяржавай. Але гісторыя ідзе хвалямі. Мы сто разоў у гэтым пераконваліся. І гэта значыць, што на змену гэтаму тэрору, а ён не будзе вечным, ён трымаецца ўвогуле на адной асобе, не на ідэалогіі, не на чымсьці такім, на змену прыйдуць новыя часы і новыя выступы могуць быць яшчэ больш масавыя. Бо бяда канкрэтнага моманту, што ў нас быў занадта кароткі час, каб людзі засвоілі разуменне сваіх правоў так, як гэта ёсць у цывілізаваным свеце, што гэта базавая рэч кожнага. Пасля, з прыходам Лукашэнкі, прапаганда пачала называць правы чалавека „еўрапейскімі каштоўнасцямі”, маючы пад гэтым аднаполыя шлюбы і г.д. То бок поўная прафанацыя гэтага базавага панятку прыводзіць да таго, што чалавек, які па ідэі мусіць ісці бараніць свае правы, свае, сваёй сям’і, блізкіх, ён пасіўна сядзіць і думае, што так і павінна быць. І я таму назваў Алеся Бяляцкага асветнікам, бо гэта вялізная работа – людзям даводзіць, што гэта тваё права. Што беларуская мова – гэта твая мова. І ты маеш на яе права. А калі ў цябе гэтае права забіраюць, ты павінен бараніць свае правы.
На думку Сяргея Дубаўца, «Алесь Бяляцкі — чалавек адраджэння. Алесь — заступнік, які заступаецца за свой народ. І пройдзе 50, 100 гадоў, калі імя гэтага чалавека мы будзем называць у адным шэрагу з імём, напрыклад, Францішка Скарыны».
Беларускае Радыё Рацыя