Сяргей Дубавец: Беларускія масоны пашыраюць свабоду без палітыкі
2020-06-30 22:50
Ужо год, як у Беларусі існуе прызнаная масонская ложа. Пра вынікі бягучай дзейнасці і гістарычную пераемнасць беларускіх масонаў з Госцем Рацыі Сяргеем Дубаўцом гутарыць Вольга Сямашка.
РР: Ложа была заснаваная ў мінулым годзе 25 траўня. Што за гэты год было напрацаванае і што паказаў гэты год? Варта было стварэнне ложы ці не?
– Безумоўна варта. Тое, што пазітыўнае ствараецца, павінна стварацца, і ўсё вартае. Нас прызнаюць патроху ў свеце. Мы афіцыйна зарэгістраваныя, бо не можам дзейнічаць як незарэгістраваная арганізацыя. Працуем. Гэта такі працэс не аднаго года, дзесяцігоддзяў і стагоддзяў. Як вы ведаеце, масонству ў свеце 300 гадоў, і ў гэтым кантэксце ў Беларусі неаднойчы ўзнікаў гэты рух, яшчэ за часам нясвіжскіх Радзівілаў, у часы Віленскага ўніверсітэта. У новыя часы ён зноў адрадзіўся, таму што мэты, якія стаяць перад масонствам, – самаўдасканаленне чалавека і праз яго ўдасканаленне навакольнага свету – гэтыя мэты яны вечныя.
РР: Шмат показак ходзіць пра тое, як беларусы могуць дамовіцца і сарганізавацца. Вялікая ложа Беларусі ўсё ж атрымалася фармальнай арганізацыяй, ці ўсё ж такі гэта хаўрус сяброў, ці нешта іншае, на ваш погляд?
– Гэта брацтва. Людзі, якія аб’ядноўваюцца ў масонскую ложу, гэта браты. Яны так сябе і называюць. Прычым незалежна, дзе б не жыў гэты брат, беларускаму брату будзе брат польскі, чэшскі, аргентынскі, аўстралійскі. Пры сустрэчы масоны пазнаюць адзін аднога і дзейнічаюць у дачыненні да адзін аднога як браты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з фэйсбук-старонкі Сяргея Дубаўца