- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарадзіўся я 10 верасня 1953 у вёсцы Беражное (Бэрэжнэ, як кажуць у нас), Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Іван таму, што 11 верасня свята – Іван Галавасек, Иоанн Креститель, Иоанн Предтеча. Штэйнер (правільна Shteinert) невыпадкова, у нашай вёсцы жывуць Пульманы, Цывісы, Кунштэлі, Гурклюсы, Руцы, Цуры, Цывісы, Байзерты (мой швагер, муж малодшай сястры, Байзерт У.М. – віцэ-адмірал ВМФ Расіі, намеснік камандуючага аднаго з баявых расійскіх флатоў – таксама з гэтай вёскі). Хаця паходжу са старажытнага шляхецкага роду Прылуцкіх, звесткі пра які пададзены ў нацыянальным гербоўніку.
Вёска Беражное выключная, як і наш раён Столінскі ў цэлым (адзін, пакуль, на Беларусі, дзе дэмаграфічная сітуацыя станоўчая). У 2008 годзе спаўняецца 500 гадоў з дня яе першага згадавання афіцыйнага (дарэчы, у суседняй вёсцы Дубянец, якая ўваходзіць у склад нашага сельсавета, і дзе пахаваны мой дзед, бабуля, дзядзькі і цёткі, мясцовая царква налічвае амаль 300 гадоў (заснавана ў 1712 – уявіце сабе, драўляная, і не струхлела, не згарэла, выжыла). Як сведчаць паперы, завераныя пінскім князем, менавіта ў 1508 годзе пацвердзіў свае прывілеі на гэтыя землі пан П.П. Олеша. Зразумела, што самая вёска існавала і раней, як і славуты род Алешаў (Олешаў, гук О градуецца як у польскім, так і мясцовым вымаўленні), герб якіх – Брохавіч (звернуты налева чырвоны алень з каронай на шыі на агульным белым полі) – існаваў чатыры з паловай стагоддзі. Цяпер ад 15 пакаленняў слыннай фаміліі (ужываем у французскім разуменні слова) засталіся сядзіба ў Нова-Беражным і дзве магілы – адна, напаўразбураная, у сасновым бары на трасе Столін – Давыд-Гарадок, другая – на самым высокім месцы паміж Беражным і Рублём (таксама унікальнай вёскай, дзе ёсць дзве царквы і насельніцтва каля 10 тысяч), куды не даходзіць імклівая вада Гарыні ні ў якія паводкі. Некалі там стаяла надзвычай прыгожая царква з унікальнымі абразамі і кнігамі.
З гэтага слыннага роду паходзіць вядомы рускі пісьменнік, тонкі стыліст, які так цудоўна адчуваў велізарныя вобразна-выяўленчыя патэнцыі великого русского языка (хаця і не лічыў яго родным) Юрый Карлавіч Олеша. Памяць пра сваё шляхецкае (дворянское) паходжанне заўсёды будзе падсвядома спадарожнічаць пісьменніку па жыцці. Вяртаючыся да вытокаў, ён згадвае:
“О моём отце знаю, что он был когда-то, до моего рождения, помещиком. Имение было порядочное, лесное, называлось «Юнище». Оно было продано моим отцом и его братом за крупную сумму денег, которая в течении нескольких лет была проиграна обоими в карты. Отголоски этой трагедии заполняют моё детство». Юнішча недалёка ад маёй вёскі, але бліжэй да Відзібора, дзе нарадзіўся адметны арыгінальны празаік А.Наварыч. А ў бліжэйшым Давыд-Гарадку нарадзіліся Г.Марчук, Л,Дранько-Майсюк, У.Глушакоў якіх, як і мяне, як У.Сенькаўца з суседняй, зусім блізкай Белавушы (Бологушы), цалавала, паводле слоў паэта-песенніка, любая Гарынь, самая няўрымслівая і хутка плынная рака Беларусі.
За Гарынню пачынаюцца слынныя балоты, за якімі ідзе канец свету, а потым пачынаецца Украіна. Невыпадкова ў нас натуральна гучыць і ўкраінскае слова. Мова рэгіёна адметная, калі мы яшчэ гаварылі на дыялекце (нейкае непрыгожае слова для нашай мілай гаворкі), то светлай памяці Васіль Дзмітрыевіч Ліцвінка, цудоўны фалькларыст і чалавек, у сваім Церабяжове (там якраз мытня) гаварыў амаль па-ўкраінску.
Бацька мой спяваў па-беларуску, па-украінску, па-польску, любіў рускія песні. Ён служыў у войску польскім у цяжкай артылерыі, ваяваў пад Торунем і Варшавай, трапіў у палон, а потым вярнуўся на берагі Гарыні.
Усё гэта паўплывала на характар маёй будучай навуковай дзейнасці. Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт БДУ (1970-1975 год), дзе вучыўся ў А.Лойкі, Н.Гілевіча, І.Навуменкі, М.Ларчанкі, Р.Семашкевіча. Працаваў год дырэктарам Хатомельскай васьмігадовай школы, затым стала атабарыўся ў Гомелі, звязаўшы долю сваю з ГДУ імя Ф.Скарыны, дзе вучыўся ў аспірантуры ў арыгінальнага прафесара Міколы Грынчыка (светлая яму памяць), а затым замяніў таго пасля ад’езду ў Мінск на пасадзе загадчыка кафедры беларускай літаратуры, якой ужо кірую 25 гадоў, займаючыся праблемамі краязнаўства (выдаў кнігі “Крыніцы”, “Універсітэт літаратурны”, “Мазыр літаратурны”, “Речицкая лирическая”, “А прекрасней Речицы места не найти”, “Гомельщина олимпийская”), у суаўтарстве з членамі кафедры выдаў каля 10 зборнікаў рэгіянальнага фальклору. Аднак галоўны напрамак дзейнасці – даследаванне беларускай літаратуры ў славянскім і агульначалавечым кантэксце, класічная літаратура ў эпоху глабалізацыі і яе перспектывы ў гэтым зменлівым сусвеце. Гэтай праблеме прысвечаны дысертацыі. Кандыдацкая – “Беларусская балада: вытокі жанру і паэтычная структура” (1982), доктарская: “Беларуская балада ХХ стагоддзя ў святле славянскіх традыцый (1994), а таксама мае асноўныя манаграфіі, якіх налічваецца з дзесятак. У плане перспектыў – разгледзець беларускую паэзію і прозу на шырокім сусветным фоне і паказаць выключныя эстэтычныя вартасці нацыянальнай літаратуры.
Што такое смех, якім з усіх жывых на Зямлі Бог надзяліў толькі чалавека? Мáе смех сацыяльныя і нацыянальныя адрозненні, ці ён універсальны? Чаму смех заўсёды са слязьмі звязаны? Навошта “пры смеху баліць сэрца, а канцом радасці бывае смутак” (Саламон)? На гэтыя пытанні спрабуе даць адказ аўтар, аналізуючы... Болей »
Кніга прысвечана канцэпту голаду ў нацыянальнай і сусветнай мастацкай традыцыі. На аснове велізарнай колькасці яскравых прыкладаў з мастацкай літаратуры паказаны ўплыў дэфіцыту ежы на фармаванне светапогляду творцы, ягонае ўспрыманне і ўвасабленне рэчаіснасці, падкрэсліваецца цесная знітаванасць фізічнага... Болей »
У жартаўліва-саркастычным стылі апавядаецца аб дзіўнай гісторыі, што здарылася зусім нядаўна на Палессі, аб незвычайных учынках людзей, якія патрапілі ў зачараванае кола яе ўплываў. На новым этапе эвалюцыі ўзнаўляюцца класічныя традыцыі народнай смехавой культуры, якія сведчаць, што чалавек зусім не... Болей »
У кнізе ўпершыню манаграфічна даследуецца творчасць выбітнога майстра еўрапейскага ўзроўню Алеся Разанава, паэзія якога захавала памяць пра іншую сапраўднасць, не існуючую ўжо для надзённай свядомасці. Яна дапамагае вярнуць нам страчаны зрок, страчаны слых і тым самым стаць “слушнымі” і “відушчымі”... Болей »
Вадэвіль апавядае аб дзіўнай гісторыі, што здарылася на Палессі, і незвычайных учынках людзей, якія трапілі ў зачараванае кола яе ўплываў. У творы ўзнаўляюцца на новым этапе класічныя традыцыі народнай смехавой культуры.... Болей »
Што будзе з беларускай літаратурай у эпоху глабалізацыі? Чаму беларус часцей плача, чым смяецца? Ці патрэбна нам “зверхлітаратура” і як яе стварыць? У чым сакрэт сапраўднага таленту? Што прымушае пісьменніка тварыць? Перад кім нясе ён адказнасць за свой дар? Сцежку да адказаў на гэтыя пытанні ў чарговы... Болей »
2012 год - адметны для Беларусі, бо гэта і Год кнігі, і 6 жніўня гэтага года спаўняецца 495 гадоў беларускаму кнігадрукаванню. У п'есе Івана Штэйнера на фоне гісторыка-культурнага жыцця Вялікага княства Літоўскага і ўсей Еўропы пачатку XVI стагоддзя паказана постаць славутага беларуса Францыска Скарыны... Болей »
Сцэна ўяўляе сабой звычайны пакой з велізарнымі кніжнымі шафамі, які потым з дапамогай святла трансфармуецца. Шмат музыкі – класічнай, сярэднявечнай, сучаснай папсы, прыпевак. Наяўнасць танцаў і пантамім сведчыць аб выразным вадэвільным пачатку штукі. Праўда, некаторыя тэарэтыкі драматургіі лічаць, што... Болей »
Вялікая літаратура стварае свайго Вялікага чытача. Тое самае можна сказаць і пра навукоўцу-літаратуразнаўцу, які стварае прафесійнага аматара беларускага прыгожага пісьменства, што атрымлівае асалоду ад чытання. Іван Штэйнер мае свайго чытача. І гэты чытач, добра ведаючы свайго любімага аўтара, лёгка... Болей »
У эсэ на фоне класічнай еўрапейскай філасофска-мастацкай традыцыі аналізуецца вобразна-выяўленчая спецыфіка гумарыстычна-сатырычных твораў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя; адзначаны найбольш значныя дасягненні нацыянальнай прозы ў засваенні адметнага жанру споведзі.... Болей »