Таццяна Гацура-Яворская: Чым далей ад фронту, тым людзям спакайней
2022-11-14 16:41
Ваенная статыстыка з Украіны. Уначы ў многіх абласцях гучала паветраная трывога. Вораг запускаў ракеты з часова акупаванага левага берага Херсонскай вобласці. За мінулыя суткі расейскі бок – нанёс чатыры ракетныя і 13 авіяцыйных удараў, здзейсніў каля 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Хаця сітуацыя ў розных рэгіёнах выглядае іначай. Пра гэта паведаміла беларуская праваабаронца, кіраўніца грамадскага аб’яднання „Звяно” Таццяна Гацура-Яворская. Сама яна жыве ў Кіеве, але можа параўнаць сітуацыю ў розных рэгіёнах:
– Прыехала ў Львоў можна сказаць у камандзіроўку, а жыву ў Кіеве. Па маіх назіраннях, чым далей ад фронту, тым людзям канешне спакайней. Хаця ракеты могуць даставаць да любой кропкі Украіны, але гэта такая небяспека, да якой ужо ўсе звыкліся, таму мы ў прынцыпе адчуваем сябе ў бяспецы.
Расейскія войскі пачалі больш актыўна абстрэльваць украінскія тэрыторыі пасля шэрагу сваіх паразаў на вайне. У верасні ўкраінскія войскі пачалі маштабны контрнаступ, пасля чаго спачатку вызвалілі большую частку, а 11 лістапада пасля паспяховых баёў на поўдні, украінскія войскі зайшлі ў Херсон.
Беларускае Радыё Рацыя