Томаш Блашчак: Бачым беларускія паралелі падзей 1920 і 2020 гг. у Літве
2026-04-17 18:20
Пра жыццё і грамадскую дзейнасць беларусаў
у часы Беларускай Народнай Рэспублікі ў Літве, Беларускі асобны батальён і асноўных беларускіх дзеячаў 1918-1940-ых гадоў, а таксама савецкіх агентаў уплыву – усё гэта ды шмат іншых цікавых звестак і гісторый з жыцця беларускай супольнасці ў Літве ў міжваенны час змяшчае кніга
“Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)” Госця Рацыі – доктара гісторыі, выкладчыка ўніверсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне
Томаша Блашчака.
РР: Вы презентавалі ў Вільні сваю новую кнігу. Гэта не зусім пераклад з польскай мовы, гэта штосьці новае. На прэзентацыі прагучала, што былі спрэчкі ў інтэрнэце наконт беларускай ідэнтычнасці. Распавядзіце, якія стасункі вы маеце з беларусамі і чаму ўзяліся за гэтую кнігу.
Томаш Блашчак: Я пра гэтыя спрэчкі нічога не чуў. Пра іх казаў выдавец. Частка маёй сям’і – гэта падляшскія беларусы. І я такім чынам маю дачыненне да беларусаў, і для мяне гэта натуральная частка ідэнтычнасці, якая дазваляе мне спалучаць як польскую, так і беларускую ідэнтычнасць. І жывучы зараз у Літве, маю магчымасць яшчэ неяк інакш глядзець на пытанне сваёй ідэнтычнасці.
РР: Вы прааналізвалі перыяд у 22 гады, пачынаючы з 1918 года і заканчваючы 1940-ым. На прэзентацыі гаварылася пра такія паралелі паміж БНР і цяперашнім беларускім дэмакратычным асяродкам – офісам Святланы Ціханоўскай. Можаце прааналізаваць гэтыя паралелі, што там падобнага, што па-іншаму было, асабліва адносна пашпартоў.
Томаш Блашчак: Сапраўды шмат падобнага. У 1920 годзе дзеячы БНР, Рада БНР, атрымала прытулак у Коўне, літоўскае міністэрства замежных спраў дазволіла ім дзейнічаць у Коўне. Коўна на тры гады стала цэнтрам беларускага палітычнага актывізму. І сапраўды гэта даволі моцная паралель з тым, што атрымалася ў 2020 годзе са Святланай Ціханоўскай і яе офісам, які таксама апынуўся ў Літве і, як Вацлаў Ластоўскі, дзейнічаў з падтрымкай літоўскай дзяржавы.
РР: І ў іх таксама былі свае пашпарты, якія прызнавалі іншыя краіны, у адрозненні ад цяперашніх.
Томаш Блашчак: Так, пашпарты Беларускай Народнай Рэспублікі былі выдадзены на пачатку 1919 году, і дзеячы БНР, але і грамадзяне, якія прымалі грамадзянства БНР, маглі іх атрымаць, імі карыстацца. Па дваццаць трэці год Літва прызнавала гэтыя пашпарты, з імі можна было падарожнічаць у іншыя дзяржавы. У гэтыя пашарты ставілі візы, і такім чынам гэта быў сапраўдны дакумент.
РР: Таксама ў Літве быў Беларускі асобны батальён. Але вы сказалі, што гэта ўсё ж такі было паралельна з БНР, што гэта не было войска Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці ўсё ж такі нейкім чынам перасякаліся?
Томаш Блашчак: Так, перасякаліся. Гісторыя гэтага батальёна, ці палка, наступная – ён ствараўся як частка літоўскага войска. Літоўцы гэты вайсковы аддзел бачылі як частку літоўскага войска, і гэта даволі катэгарычна. З другога боку, ясна, што беларусы, у тым ліку і дзеячы БНР, гэты полк, ці пазней батальён, лічылі фармаваннем, з якога можна будзе потым арганізаваць беларускае войска ўжо незалежнай Беларусі.