У паэта Дзмітрыя Строцава выходзілі кнігі на дзясятку еўрапейскіх моў, а цяпер плануецца на англійскай. Вершы перакладаліся на працягу дваццаці гадоў — рознымі перакладчыкамі. Адзін з гэтых перакладчыкаў — Ян Прабштэйн, які некалі жыў у Мінску, а цяпер — у Нью-Ёрку, сабраў кнігу выбраных вершаў Дзмітрыя Строцава, якія ахопліваюць перыяд з 1992 па 2023 год.
22 перакладчыкі з усяго свету пацвердзілі сваю згоду, праверылі тэксты і даслалі біяграфічныя даведкі. Нью-ёркскі выдавец Ілля Бернштэйн узяў кнігу ў працу, распрацаваўшы макет, зручны для паралельных тэкстаў і ў тых выпадках, калі рускаму вершу адпавядаюць два, а то і чатыры пераклады.
Кніга-білінгва займела назву — «Война и мир / War and Peace», якая, здаецца, цалкам характарызуе гэтае трыццацігоддзе.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 5 чэрвеня ў Нью-Ёрку. Мадэраваць яе будзе Таццяна Заміроўская.
Распыталі Дзмітрыя Строцава пра няпростыя часы і шматмоўнасць паэзіі.
— У вашу новую двухмоўную кнігу ўвайшлі вершы з 1992 па 2023 гады. Зачапіў гэты перыяд... Якімі вашы вершы былі ў яго пачатку і ў яго канцы, як яны змяніліся? Які след пакінулі на іх усе гэтыя падзеі?
— У 1990-я гады я меркаваў, што верш — гэта падзея мовы. Таму ў мяне быў высокі ўнутраны цэнз і строгі адбор. Я пісаў складаныя метафарычныя вершы. Адзін верш мог збіраць месяцамі і нават гадамі. У выніку за ўсё дзесяцігоддзе выдаў адну невялікую кнігу «Виноград».
Але падзеі 2006 года — абарона і разгром намётавага лагера на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пасля сфальсіфікаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў — прымусілі мяне паламаць свой стыль, свой паэтычны канон, які да таго часу здаваўся ўніверсальным. На расійскае ўварванне ў Грузію ў 2008 годзе я напісаў два тэксты-рэфлексіі, якія пагражалі поўным разрывам з маёй чытацкай аўдыторыяй.
— Чаму гэты стыль не падыходзіў для апісання тых падзей?
— Бо падзея патрабавала хуткага схоплівання і імгненнага сведчання, не пакідала права на бясконцае ўдакладненне і дасканаленне формы выказвання.
Важна нагадаць, што ў сярэдзіне 2000-х ужо існаваў «Живой журнал», з поўнай свабодай аўтара публікаваць на сваёй старонцы ўсё, што заўгодна. Толькі што напісаны тэкст мог быць паказаны аўдыторыі адразу. Раней меркавалася, што вершы павінны адляжацца і іх можна было паступова дапрацоўваць. Цяпер жа можна было прамаўляць наўпрост з падзеі, а не пісаць пра падзею ў мінулым часе, уяўляючы, як яна будзе глядзецца з будучыні.
Гэты аўтарскі жанр я называю «паэтычным рэпартажам». Магчымасць прамаўляць з падзеі або адначасова з падзеяй, гаварыць ва ўзрушаным, зламаным стане, патрабуе ад таго, хто гаворыць, зусім іншай устойлівасці, іншай дысцыпліны і іншай рашучасці. Кажучы з падзеі, вельмі лёгка страціць галаву, сарваць голас або задыхнуцца.
Паэтычнае выказванне цяпер магло вырасці з празаічнага тэксту. Напрыклад, я адказваў на пытанні журналіста і выпадкова заўважыў, што адзін абзац у маім тэксце нагадвае паэтычнае выказванне. Яго можна было забраць са старонкі, перааформіць графічна, і ён будзе трымаць сябе, ніяк не пацерпіць, нават вырваны з кантэксту.
Я адмовіўся ад цяжкіх эпітэтаў, ад строгіх рытмічных памераў і ад знакаў прыпынку.
Навучыўся хутка размяркоўваць сэнсавыя нагрузкі, пры гэтым ніколі не стараўся спецыяльна пісаць верлібрам. Кожны верш прыходзіў з уласным фармальным законам.
Дзмітрый Строцаў. Фота: Раман Якімаў
— Ці маглі б вы прывесці прыклад двух вершаў для паказу змены вашай паэтычнай мовы?
Вось, напрыклад, верш з пачатку 1990-х:
*
Андрею Анпилову
комната, где собакой тени и те пахнут
где лохматые травы глохнут в молочных кувшинах
где над холмами хлама и книг потолок распахнут
сладкая пыль зевает и шьёт на швейных машинах
где ветерком гуляет прохладная месса Баха
где за окном зелёным парус кипит балконный
где рукавом болтает и сохнет моя рубаха
там серебристый тополь кладёт поклоны
там молодого лета спирт голубой пылает
там льётся лучистой влаги ласковое веселье
там и поют, и плачут, и чашу испить желают
там за небесным краем для всех спасенье
комната шалью машет, конь из угла выходит
смотрит в огонь вишнёвый заспанными глазами
он на лету хватает всё, что рука выводит
и до конца не знает, что в тишине сказали
1992
А вось іншы верш, праз трыццаць гадоў, 2022 года:
*
армейский капитан
поспорил с таксистом
о войне в Украине
на набережной Дона
в Ростове-на-Дону
исчерпав армейские аргументы
капитан четыре раза выстрелил
в оппонента
на набережной Дона
в Ростове-на-Дону
каких тебе еще надо аргументов
старина
18.08.2022
— Змяніўшы стыль і тэму, напрыклад, пісалі пра тэракт у метро і ўкраінскі майдан, вы адзначылі, што баяліся страціць свайго ранейшага чытача? Якая ваша новая аўдыторыя?
— У канцы 2013-га ў Кіеве на барыкадах былі мае знаёмыя, я пастаянна перапісваўся з украінскімі сябрамі, прыязджаў у горад і сачыў за падзеямі праз Інтэрнэт. І ў мяне з’явілася адчуванне, што пачынаюць адбывацца рэчы, якія зменяць жыццё самым катастрафічным чынам. Я пісаў з Беларусі пра тое, што адбывалася ва Украіне, — і як быццам знаходзіўся ў самым цэнтры цыклона.
І так, увесь гэты час у мяне было адчуванне, што старую аўдыторыю я страціў, а новую ўжо не набуду. Аднак усё змянілася ў 2020-м. Мяне зацягнула ў віхуру падзей, я працягваў пісаць паэтычны рэпартаж і апынуўся ў новай акустычнай рэальнасці: мяне сталі чуць і даваць зваротную сувязь.
У першыя дні жніўня 2020 года беларусы былі практычна пазбаўленыя Інтэрнэту. Свет сачыў за падзеямі, але было цяжка зразумець, што ў нас адбываецца.
Калі з’яўляўся Інтэрнэт, я выкладаў толькі што напісаныя паэтычныя рэпартажы і вяртаўся на вуліцу, дзе адбывалася галоўнае. У адрозненне ад украінскага досведу, цяпер я быў непасрэдным удзельнікам народнага паўстання і мог сведчыць з самага сэрца падзеі.
І раптам стала відавочным, што мастацкія тэксты, вершы беларускіх аўтараў, лепш акумулююць тое, што адбываецца, чым сведчанні журналістаў. Паэтычны рэпартаж апынуўся дакладным і тонкім індыкатарам падзей. Я мог вечарам павесіць новы верш у сябе на старонцы ў Фэйсбуку, а раніцай знайсці яго свежы пераклад у топавым англійскім інтэрнэт-выданні.
Тэксты перапошчваліся і адразу перакладаліся на многія мовы.
— Уражвала тое, што пераклады з’яўляліся практычна адразу. Андрэй Хадановіч перакладаў на беларускую мову на працягу дня, як і іншыя паэты-перакладчыкі. Як бы вы апісалі гэты феномен і што вы адчувалі, калі вашы тэксты рэзаніравалі ў розных краінах?
— Я б сказаў, што гэта новая мастацкая рэальнасць. Арыгінальны тэкст і пераклад з’яўляюцца амаль адначасова. Паэт і перакладчык разам прамаўляюць з адной падзеі, у глыбокім інтэлектуальным і эмацыйным рэзанансе. Тут можна сцвярджаць, што пераклад або пераклады становяцца паўнавартаснай часткай агульнага мастацкага выказвання. Можна прыводзіць музычныя сімфанічныя або харавыя аналогіі. У кнізе «Вайна і мір» ёсць разварот, дзе прадстаўлены верш «пчолы ўпэўненыя...» памяці Рамана Бандарэнкі. Побач з арыгіналам размешчаны пераклады на ўкраінскую, французскую і два ангельскія пераклады. Такія калектыўныя творчыя акты даюць каштоўнаснае перажыванне нашай агульнай сусветнай звязанасці.
— Вы бралі цытаты проста з мітынгаў...
— Так, многія тэксты вырасталі з чужой падхопленай рэплікі. Аднойчы перад нядзельным маршам мы гаварылі пра стомленасць беларусаў, пра гвалт з боку ўладаў, а адзін мой таварыш раптам прамовіў: «але гэта самы шчаслівы час майго жыцця...» Гэтая фраза стала камертонам для найважнейшага верша ў серыі «Беларусь перакуленая». Серыя стала кнігай з аднайменнай назвай, куды былі сабраныя ўсе вершы, прысвечаныя новай этычнай салідарнасці і пратэстам беларусаў у 2020 годзе.
Дзмітрый Строцаў. Фота: Раман Якімаў
— Вы кажаце, што ў 2020-м адчувалі сябе ў эпіцэнтры падзей. Што вы адчуваеце сёння — як паэт? Дынаміка падзейнасці ўзрасла, выйшаўшы за межы рэгіёна. Новы паэтычны фармат яшчэ не патрабуецца ў прадчуванні апакаліпсісу?
— Інтэнсіўнасць выказвання ніколі не бывае пастаяннай. Паэтычны рэпартаж і аўтаматычная рэфлексія на любую падзею — не адно і тое ж. Свет мяняецца, акустыка мяняецца. Важна добра прыслухацца, каб дакладна загаварыць. Мова паэзіі можа быць толькі нечым новым, цалкам новым. Толькі новай свабодай можна адказаць на татальную дыктоўку зла.
— Наколькі сёння запатрабаваная ваша кніга пра падзеі 2020-га?
— Цяжка ўявіць зборнік журналісцкіх рэпартажаў пра падзеі, якія ўжо прайшлі. Калі змянілася інфармацыйная нагода, і ранейшыя рэзанансныя падзеі апынуліся заслоненыя іншымі, наўрад ці такі зборнік падасца цікавым не спецыялістам.
Да майго здзіўлення, цікавасць да палітычных рэпартажаў пра беларускія падзеі 2020 года не слабее. Кніга «Беларусь перакуленая» пра падзеі 2020 года выйшла на шведскай і нарвежскай. Кнігі «паэтычных рэпартажаў» выйшлі на нямецкай, польскай, французскай і чэшскай. І вось зборнік на англійскай.
— Калі б вы пісалі анатацыю не да кнігі, а да гэтага гістарычнага перыяду, як бы вы яго акрэслілі — для сябе і для ўсіх нас. І як бы вы патлумачылі «гэта ўсё» для англамоўнага чытача? Наколькі англамоўны чытач разумее гэтыя падзеі, пачынаючы з 1992 года, не перажыўшы іх?
— Я б назваў гэты перыяд вяртаннем да вайны — з новым даверам да гвалту і прывыканнем да бесчалавечных дзеянняў, якія здзяйсняюцца ў адносінах да тваіх суседзяў.
Улетку 2022 года ў Парыжы ў мяне была размова з маладым французам. Я распавядаў яму пра тэрор у Беларусі, пра разбуральную вайну ва Украіне. Напрыканцы мой суразмоўца сказаў: «Разумееш, Пуцін — гэта дрэнна, вельмі дрэнна, але Байдэн яшчэ горш у дзесяць разоў».
Мы жывём у шматвектарным свеце, мы не можам нікога прымусіць прыняць наш пункт гледжання. Поспех нашага сведчання невідавочны. Сам факт, што мае вершы на англійскую перакладалі больш за дваццаць перакладчыкаў і, у асноўным, рабілі гэта не па заданні, а проста прачытаўшы верш на Фэйсбуку, усяляе надзею, што знойдзецца і англамоўны чытач, які зацікавіцца Беларуссю і паверыць аўтару.
— Чаму такі здымак на вокладцы? Перакуленая выява...
— Фотаздымак Жэні Атцецкага выдатны. Для мяне гэта партал у 2020 год. Я іду ў нядзельным маршы. Ужо восень, дождж. Гляджу на мокры асфальт. Зараз падыму вочы і апынуся ў чалавечым моры, у бязмернай супольнасці аднадумцаў.
— І чаму назва зборніка гучыць як у вядомым рамане?
— Назва кнігі ідзе за вершам 2017 года, які я прысвяціў Сяргею Жадану і які ёсць у зборніку. Гэта, у сваю чаргу, быў водгук на верш Сяргея, які пачынаецца радком: «тры гады мы гаворым пра вайну...», і які ён тады якраз апублікаваў.
Вайна — кульмінацыя жыцця ўсіх вядомых нам гістарычных цывілізацый. Мір як звышкаштоўнасць дэкларуецца зусім нядаўна, з канца Другой сусветнай вайны. Да ваенных правакацый Расійскай Федэрацыі 2008 і 2014 гадоў здавалася, што ідэя міру ўжо не можа сысці з вяршыні сусветнай каштоўнаснай піраміды. Але праз тры гады пасля расейскага ўварвання ва Украіну прыйшло адчуванне, што чалавецтва зноў інфікуецца прагай вайны. Законы міметызму, уключаючы дрэнную пераймальнасць, глыбока ўкараняюцца ў чалавечай супольнасці. Свет заўсёды рызыкуе аказацца простым перамір’ем паміж войнамі. І Талстой, вядома, пра гэта ж.