- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аповеды, сабраныя ў кнізе чытаюцца лёгка, але пакідаюць у душы сум, сум па тым, што адыходзіць, што прамінае, што, спяшаючыся паспець за поступам цывілізацыі, губляем. Пры чым губляем назаўсёды і беспаваротна. Беларуская падляшская вёска з жыхарамі, якія лічаць сябе праваслаўнымі, а ў сэрцах хаваюць язычаства. Сапраўднае адлюстраванне гэтай вёскі, яе жыхароў, іх вераванняў і забабонаў. Кніжка, насамрэч пра смерць, пра паміранне, з усімі выплываючымі з гэтага высновамі і здарэннямі. Смерць, трызненне з’яўляецца асноўнай тэмай усіх апавяданняў. Людзі пушчанскага краю - цывілізаваны этнас, якому, тым не менш не бракуе і першабытнасці. Выводзячыся з вёсак, ад зямлі, ад лесу, толькі там чэрпаюць сілы і энергію. Падзеі, апісаныя ў апавяданнях, адбываюцца ў нейкай мясціне Н. Але замест гэтай літаркі можна ўставіць назву кожнай падляшскай вёскі, ды і не толькі падляшскай. Таксама пасуе гэта і да вёсак на Берасцейшчыне, на Гарадзеншчыне, ды і ў цэлай Беларусі, бо тое, што апісвае кніга, адбываецца, на жаль, ўсюды, дзе жывуць беларусы. У некаторых месцах гэта праяўляецца мацней, у некаторых – слабей, але тое, што гэтае паміранне прысутнічае – няма сумніву.