„Цудоўную краму” ў Воршы высяляюць з будынка   
            
                2020-11-09 12:09
            
             
                            
                        
                
У Воршы толькі год на адным месцы адпрацавала „Цудоўная крама”. 
Крама сувеніраў і нацыянальнай сімволікі адкрылася летась непадалёк чыгуначнага вакзала, сюды заходзілі як аршанцы, так і госці горада.
Але цяпер аршанскую краму высяляюць з будынка па палітычных матывах, распавёў яе ўладальнік Ігар Казмерчак: 
– Палітычна матываваны наезд, таму што па ўказе 506 аб пад’ёме Аршаншчыны з руінаў і попелу праверак па Аршанскім раёне не павінна быць да 2022 года. І тое, што да нас прыйшла такая праверка, я гэта звязваю выключна з палітычным прэсінгам. Хоць абскарджваць зараз не мае сэнсу, але ў будучым, канешне, гэта будзе падставай для разбіральніцтва. Увогуле Дэпартамент фінансавых расследаванняў па Віцебскай вобласці стаў сёння інструментам ціску на нязгодных прадпрымальнікаў.
Пасля закрыцця ў Віцебску крамы „Князь Вітаўт” толькі „Цудоўная крама” ў Воршы была адзіным месцам, дзе можна было набыць нацыянальны сцяг і беларускія сувеніры. Аднак Ігар Казмерчак не здаецца і працягне працу з калегамі на новым месцы. Пакуль жа апошнія тыдні крама беларускіх сувеніраў працуе па старым адрасе на вуліцы Молакава, 5. 
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя