Натальля Пінчук прыбыла ў сталіцу Нарвэгіі для ўдзелу ў цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру яе мужу Алесю Бяляцкаму, які застаецца за кратамі ў Беларусі.Беларускі праваабаронца
Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з украінскім
«Центром громадянських свобод» і расейскай праваабарончай арганізацыі
«Мемориал».
Бяляцкі застаецца за кратамі ў Беларусі, у Осла прыехала ягоная жонка Натальля Пінчук. Яна разам зь іншымі ляўрэатамі выступіць на прэсавай канфэрэнцыі ў Осла.
Што сказала Натальля Пінчук«Што тычыцца Алеся, то вы разумееце, што ён зараз прысутнічаць тут ня можа, бо знаходзіцца ў СІЗА. На жаль, сытуацыя ў Беларусі цяпер такая, што людзі за права адстойваць сваю пазыцыю, адстойваць свае перакананьні і прынцыпы, выказацца ў тым ці іншым пытаньні паддаюцца рэпрэсіям. Алесь адзін з прыкладаў гэтага — і не адзінкавы, на жаль, прыклад.
У Беларусі адбываецца вайна іншага кшталтуЗа паўтара года, якія прайшлі з часу яго ўвязьненьня, мы бачыліся толькі адзін раз, і, зразумела, праз шкло. Шкло — гэта самая тонкая ўмоўная перашкода, якая была паміж намі за гэты час. За больш тоўстымі сьценамі, прычым халоднымі сьценамі, у Беларусі знаходзіцца вельмі вялікая колькасьць людзей. Калі мы гаворым пра вайну, мы заўсёды павінны разумець, што вайна бывае рознай і мае розныя праявы.
Гэта і адкрытая агрэсія, гэта разбурэньне краіны, захоп тэрыторыі, забойства людзей; гэта тыя жахі, якія адбываюцца разам з такім захопам тэрыторыі. Разам з тым не забываем і пра Беларусь, дзе адбываецца вайна іншага кшталту».
Насельніцтва настолькі прыгнечанае, што амаль ня мае голасу«Вайна схаваная, нябачная для шмат каго. Насельніцтва настолькі прыдушанае, настолькі прыгнечанае, што амаль ня мае голасу, бо актыўны, неактыўны, любы чалавек можа за любое слова трапіць у вязьніцу. Прычым выкарыстоўваюцца і розныя формы зьдзеку, і катаваньні, і шмат якія рэчы, пра якія тыя, каму пашчасьціла выйсьці з турмы, нават баяцца расказаць».
Рана Беларусі, дагэтуль адкрытая«Гэтая прэмія была дадзена Алесю, але — ня толькі Алесю: гэтым, па сутнасьці, узьнятае пытаньне, зьвязанае зь Беларусьсю, з той драмай, трагедыяй, ранай, якая дагэтуль адкрытая. Таму мы павінны памятаць і ведаць пра гэтую вайну — вайну супраць уласнага народу. У гэтым пляне адказнасьць павінны несьці ўсе тыя, хто робіць такое зь людзьмі».
Лепей, каб гэтай прэміі не было, каб не было вайны, каб мы жылі ў міры«Прэмія была ўручана ў час жудасных падзеяў ва Ўкраіне і Беларусі. Гэта яшчэ адно нагадваньне, што такое правы чалавека. Ня трэба забывацца, што праваабаронцы працавалі ня толькі цяпер і ня толькі зараз яны цярпяць ад рэпрэсіяў.
Возьмем Алеся. Ён больш за 20 разоў быў арыштаваны, але праца праваабаронцаў тады, магчыма, не знаходзіла такога водгуку, такой падтрымкі, якую хацелася б бачыць. Мала зьвярталі ўвагі тыя магчымыя саюзьнікі, якія б маглі дапамагчы спыніць парасткі рэпрэсій і парушэньняў правоў чалавека, у прыватнасьці, у Беларусі.
Магчыма, гэта магло б спыніць тое, што адбылося цяпер. І гэтая прэмія зьяўляецца крыкам, вострым сыгналам: зьвярніце ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Міжнародная супольнасьць павінна зьвярнуць увагу на падтрымку, на недапушчэньне, каб тое, што адбываецца сёньня, паўтарылася ў будучыні. Вядома ж, лепей, каб гэтай прэміі не было — каб не было вайны, каб мы жылі ў міры».
Перапіскі з Алесем практычна няма«Алесь ужо паўтара года ў зьняволеньні, адзіны з Нобэлеўскіх ляўрэатаў у турме, які яшчэ ня быў асуджаны. Пакуль справу перадалі ў суд, і суду яшчэ не было. Гэта значыць, прысуд яшчэ не вядомы. Ён у дастаткова моцнай ізаляцыі. Як вы разумееце, ён ня змог нават перадаць тэкст Нобэлеўскага выступу, ня кажучы аб іншых рэчах — да яго не даходзяць лісты, якія я яму адпраўляю, яго лісты мне не дастаўляюцца і практычна не даходзяць лісты падтрымкі з-за мяжы. Ён ня можа ўявіць гэтай падтрымкі, але ён ведае, што людзі салідарныя і падтрымліваюць яго. Ёсьць імкненьне ізаляваць яго і зрабіць для яго ўмовы ўтрыманьня невыноснымі. Некаторыя лісты ад мяне даходзяць, як і яго лісты мне. Але практычна перапіска адсутнічае».
Сёлета
7 кастрычніка стала вядома, што
Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам прэміі разам з украінскім
«Центром громадянських свобод» і расейскай праваабарончай арганізацыяй
«Мемориал».