У Беларусі хваля рэпрэсій супраць кнігавыдаўцоў. Што вядома?
2026-03-11 13:46
У Беларусі - новая хваля ціску на культурніцкую сферу: «экстрэмісцкімі
фармаваннямі» абвяшчаюць незалежныя выдавецтвы, адбываюцца затрыманні
выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг.
Раней, 16 лютага, "экстрэмісцкім фармаваннем" таксама прызнанае
выдавецтва
Gutenberg Publisher. Амаль адначасова з гэтым у Беларусі
адбылася хваля затрыманняў супрацоўнікаў як дзейных, так і раней
закрытых выдавецтваў, а таксама прадпрымальнікаў, якія займаюцца
распаўсюдам кніг.
Паводле праваабарончага цэнтра "Вясна", агулам у Беларусі ў лютым па
гэтых справах затрымалі як мінімум дзесяць чалавек. Прыпыніла працу
выдавецтва "Тэхналогія". Частка з затрыманых дагэтуль
знаходзіцца за кратамі.
"Кааліцыі выдавецтваў" не існуе
Па словах
Яраслава Іванюка, стваральніка Фонду Kamunikat.org, ніякай
"кааліцыі выдавецтваў", пра якую ідзе гаворка ў паведамленні КДБ, "у
прыродзе не існуе". Гэта значыць, насамрэч, няма чаго прызнаваць
"экстрэмісцкім фармаваннем".
"Прывязванне прыватных асобаў у Беларусі да нейкай "кааліцыі"
патрэбнае толькі для таго, каб гэтым людзям прышпіліць нейкі крымінальны
артыкул і трымаць іх доўга ў турме", - перакананы Іванюк.
На яго думку, цяпер адбываецца "чарговая зачыстка беларускай
культурніцкай сферы". Гэтым разам найбольш церпяць выдаўцы і
распаўсюднікі беларускіх кніг. "Менавіта кніга, беларуская ідэя - тое,
што цяпер найбольш пагражае рэжыму Лукашэнкі", - адзначае суразмоўца.
Па словах Іванюка, атакі на іх фонд з боку беларускіх уладаў былі і
раней: у РБ заблакавалі, а потым прызналі "экстрэмісцкім" сайт
Kamunikat.org, таксама рэсурс некалькі разоў сутыкаўся з моцнымі
хакерскімі атакамі, а сам
Яраслаў Іванюк -
з нападкамі праўладных прапагандыстаў.
Суразмоўца ўпэўнены, што "эсктрэмісцкі" статус ніяк не паўплывае на
працу фонду, але раіць беларусам, якія знаходзяцца ўнутры краіны, для
асабістай бяспекі адпісацца ад іх сацыяльных сетак.
"Гэта спосаб застрашыць"
"Экстрэмісцкім фармаваннем" было прызнанае таксама беларускае выдавецтва
Gutenberg Publisher, якое цяпер працуе ў Кракаве. У пералік забароненых
таксама ўнесеныя яго акаўнты ў сацсетках і сайт. Такое рашэнне, на
думку каманды, выглядае як чарговы спосаб запалохвання.
"Ёсць уражанне, што на нашым месцы магло быць любое іншае выдавецтва. Гэта спосаб застрашыць. Яны (улады РБ.
- Рэд.),
н
апэўна, хацелі, каб мы спынілі дзейнасць і пайшлі працаваць у
бліжэйшую краму прадаўцамі", - каментуе сітуацыю шэф-рэдактарка
Gutenberg Publisher Валянціна Барбара Андрэева.
Пры гэтым, паводле яе слоў, эфект атрымаўся супрацьлеглы. Рашэнне
беларускіх ўладаў у нейкім сэнсе "развязвае рукі" і дазваляе брацца за
больш смелыя праекты, бо ўжо "няма чаго баяцца".
Што да сітуацыі ў цэлым, Андрэева называе тое, што адбываецца ў
Беларусі, спланаванай акцыяй супраць незалежных выдаўцоў. Адзінае, што
аб'ядноўвае затрыманных, - гэта праца
на карысць беларускай кнігі, прычым па-за палітычным полем.
Як рэпрэсіўная хваля можа адбіцца на чытачах?
Сярод выданняў
Gutenberg Publisher ёсць кнігі, яшчэ раней прызнаныя ўладамі "экстрэмісцкімі", напрыклад, раманы
Сашы Філіпенкі
"Чырвоны крыж" і "Слон". Аднак большасць літаратуры, як і лагатып
выдавецтва, не ўнесеныя ў гэтак званы "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
"Калі спадзявацца, што ўлады Беларусі будуць трымацца сваіх уласных
пастановаў і законаў, то валоданне такімі кнігамі не павінна пагражаць
людзям. Але беларусы не жывуць у прававым полі, яны жывуць у сітуацыі застрашвання, у сітуацыі, калі чалавек апрыёры павінен адчуваць сябе вінаватым. Калі ўладам патрэбна рэпрэсаваць кагосьці, яны не будуць шукаць на паліцах "экстрэмісцкую" кнігу, дастаткова ўзяць ваш тэлефон і паставіць падабайку пад "экстрэмісцкім" профілем," - адзначае
Валянціна Барбара Андрэева.
"Фармальна забарона на захоўванне кніг уступіць у сілу толькі пасля
з’яўлення выдавецтваў у Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Аднак і да таго іх прадукцыю пры выяўленні могуць канфіскоўваць для
праверкі на прадмет утрымання "экстрэмізму", прызнаваць "экстрэмісцкімі"
матэрыяламі і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за захоўванне",
- дадае, у сваю чаргу, юрыстка праваабарончага цэнтра "Вясна" Святлана
Галаўнёва.
"Відавочна скаардынаваная хваля рэпрэсій"
Юрыстка таксама адзначае, што для пераследу за "экстрэмізм" ў
Беларусі дастаткова мінімальнага ўзаемадзеяння або проста прыналежнасці
да агульнай сферы дзейнасці. Таму, паводле яе, захоўваць кнігі, а
асабліва перавозіць праз мяжу, небяспечна ўжо цяпер. Галаўнёва таксама
мяркуе, што кнігі выдавецтваў, прызнаных "экстрэмісцкімі фарміраваннямі"
будуць вымацца з продажу, пры гэтым не выключаныя крымінальныя справы
супраць распаўсюджвальнікаў "за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
"Цяпер, відавочна, ідзе інтэнсіфікацыя пераследу ў культурніцкай
сферы. І не толькі сярод выдавецтваў: былі затрыманні ў мінскай творчай
прасторы "Парасон", таксама затрыманы стваральнік праекта "Кінаконг"
Андрэй Кім. Але тое, што адбываецца менавіта з выдавецтвамі і выдаўцамі,
- скаардынаваная хваля рэпрэсій", - адзначае Святлана Галаўнёва.
Таццяна Гаргалык, Deutsche Welle