У Беларусі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў калоніі
2023-03-03 12:16
Трэцяга сакавіка Ленінскі суд Мінска (суддзя — Марына Запаснік) агучыў прысуд па справе палітвязняў і праваабаронцаў з ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.
Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру
Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі (пракурор
Аляксандр Кароль прасіў для яго 12 гадоў),
Стэфановіча — на 9 гадоў (пракурор прасіў 11),
Лабковіча — на 7 гадоў (пракурор прасіў 9), праваабаронцу
Дзмітрыя Салаўёва, якога "судзілі" завочна (ён знаходзіцца за мяжой) — на 8 гадоў калоніі (пракурор прасіў 10 гадоў).
Іх прызналі вінаватымі ў "кантрабандзе арганізаванай групай" і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Палітвязні сваёй віны не прызналі. Вядома, што іх пераследуюць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.
Крымінальная справа, якая складаецца з 284 тамоў, разглядалася судом у паскораным рэжыме — працэс пачаўся 5 студзеня.
Палітвязні за кратамі з лета 2021-га.
Навіна пра асуджанага ў Беларусі нобелеўскага лаўрэата безумоўна трапіць у сусветныя СМІ. Гэта будзе яшчэ адзін удар па "іміджы" лукашэнкаўскай РБ.