У Беларускім доме ў Варшаве прайшло свята для дзяцей „За каляднай зоркай”
2022-12-19 16:09
Госці імпрэзы паглыбіліся ў асаблівасці зімовых абрадаў, убачылі батлейку, паслухалі тэматычныя песні, а таксама далучыліся да майстар-класу па стварэнні каляднай зоркі.
„Мы ўзялі некалькі беларускіх традыцый (як старажытных, так і сучасных, датычных 2020-га году), запрасілі хор вольных беларусаў, усё гэта аб’ядналі – і атрымалася душэўная дамашняя абстаноўка. Дарэчы, у нашай пастаноўцы былі задзейнічаныя дзеткі-удзельнікі заняткаў па беларускай мове, якія штотыдзень праходзяць у Беларускім Доме”, – распавядае супрацоўніца Беларускага Дому, арганізатарка беларускамоўнай школы і садка ў Варшаве Ася Смаляк:
– Мы спачатку з дзеткамі паказалі класічныя каляды, пры тым нам ніхто не дапамагаў з дарослых. Усе дзеці самі паказалі, як прыходзілі калядоўшчыкі да гаспадароў, самі ж дзеці былі гаспадарамі, сустракалі гэтых калядоўшчыкаў, самі ж з іншымі дзецьмі гуляліся ў карагодныя гульні. Другая традыцыя – гэта наша батлеечная, лялечная традыцыя. Батлейка – гэта гонар беларускай культуры, гэта ўнікум. Палякі, якія бачылі гэтую батлейку, у захапленні.
Свята ладзілася на беларускай мове. А на завяршэнні імпрэзы ўсіх гасцей чакаў салодкі стол.
Беларускае Радыё Рацыя