У «Доме творцаў» у Варшаве знаходзяць часовы прытулак дзеячы мастацтва
2022-12-13 12:25
«Дом творцаў» у Варшаве. Тут знаходзяць часовы прытулак дзеячы мастацтва, якія прайшлі праз рэпрэсіі ў Беларусі і былі змушаныя пакінуць Радзіму.
Арганізатар лакацыі, музыка Сяргей Доўгушаў мае ў будынку ўласны кабінет. На сёння ў «Доме творцаў» каля дзясятку жыхароў, у тым ліку добра вядомых, якія пакуль не хочуць раскрываць сябе ў мэтах бяспекі.
– Напрыклад, там ёсць хлопец, ён не мастак, але ў турме намаляваў вельмі шмат малюнкаў. Ён гэта паказаў. Мы нават апублікавалі гэта на нашых старонках. І ёсць думкі арганізаваць яго выставу, музыкаў запрасіць. Вакол Дому зараз шмат людзей. І ў Доме, і каля Дому, і хто быў на рэзідэнцыях. Мы нейкім чынам звязаныя, мы сябруем. І калі адбудзецца нейкі канцэрт, я ведаю, што далучацца і мастакі, далучацца і паэты. І вось такая збіраецца творчая кам’юніці вакол Дому.
Сярод жыхароў «Дому творцаў» зараз тры сям’і. Некаторыя жывуць амаль месяц. Іншыя з’язджаюць, знаходзячы сабе кватэру і працу. Жыхарам «Дому» аказваецца прафесійная псіхалагічная дапамога, кажа Сяргей.
– Наша задача проста дапамагчы тым, хто толькі вызваліўся, даць ім дах над галавой, даць нейкі спакой, утульнасць. І дапамагчы атрымаць ім карты, праязныя, не думаць пра харчаванне.
«Дом творцаў» утрымліваецца на ахваряванні, якія збіраюцца праз краўдфандынг. Штомесяц новы збор. Сяргей Доўгушаў шукае партнёраў, якія б маглі дапамагчы хаця б з аплатай арэнды.
Беларускае Радыё Рацыя
Відэа Радыё Свабода