У Гародні звольнілі артыста Ігара Уланава
2020-09-26 13:01
З драматычнага тэатра звольнілі артыста Ігара Уланава. Адмененыя ўсе спектаклі, нават ты, на якія былі раскупленыя ўсе квіткі.
Кажа Ігар Уланаў:
– Гэта сёння адбылося, я яшчэ раз кажу, паперы няма, але па словах дырэктара, я звольнены.Справа ў тым, што сёння і заўтра ў нашым тэатры павінна была адбыцца неверагодная для нас падзея. Ужо недзе больш за паўгады наш тэатр не бачыў у сваёй залі гледача больш 10-20, максімум 30 чалавек. У гэтую пятніцу і ў гэтую суботу мы дакладна ведалі, што нашыя залі будуць поўнымі. Дакладна ведалі, што наш глядач нарэшце вернецца ў тэатр. Мы вельмі моцна перажывалі.
Па словах галоўнага рэжысёра Генадзя Мушперта, гэта нейкая незразумелая сітуацыя:
– Мы насамрэч яшчэ дакладна не ўсё разумеем, але нам аб’яўлена, што тэатр пераходзіць на рэпетыцыйны перыяд па рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. То бок мы не выступаем цяпер. Тое, што сённяшні і заўтрашні спектакль вельмі добра прададзены (на сённяшні момант каля 400 месцаў прададзена), такога ў нас ніколі не бывала. Гэта не замінае дырэкцыі, збіраюцца вярнуць усе квіткі.
Двух іншых чальцоў трупы - Наталлю Лявонаву і Васіля Мініча - пазбавілі прэміяў.
Вядома, што тэатрам кіруе былы палкоўнік Ігар Гедзіч. Таксама высветлілася, што чалавек, які ўцякаючы ад міліцыі 23 верасня скочыў у Нёман, – гэта актор Тэатра лялек і музыка Аляксандр Рацько. Ён быў вядоўцам апошняга фестывалю „Басовішча” на Падляшшы. Аляксандра затрымалі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня