У гродзенскага гурта Dzieciuki выйшаў новы міні-альбом «Зямля, вагонь ды вада»
2023-02-19 13:18
У рэліз увайшлі тры кампазіцыі: Тадэвуш Рэйтан, Усяслаў Чарадзей, Зялёныя палі маёй зямлі.
Запісваўся альбом у трох гарадах – Гродна, Кракаў (акардэон) і Варшава (вакал і бэк-вакал). Вокладку да альбома намалявала дачка лідара гурта Dzieciuki Дар’я Дзянісава.
Словы да песен
«Тадэвуш Рэйтан» і
«Усяслаў Чарадзей» напісаў гродзенскі паэт
Дзяніс Жыгавец. Песня
«Зялёныя палі маёй зямлі» – народная ірландская песня, якую пераклаў паэт
Андрэй Хадановіч.
Dzieciuki – беларускі фолк-панк гурт, заснаваны ў 2012 годзе ў Гродне. Выконвае песні на беларускай мове ў асноўным на гістарычную тэматыку. Па выніках 2014 года атрымала прэмію «Героі года» ад музычнага партала «Тузін Гітоў». Перыядычна выступы гурта падвяргаюцца забаронам.
ав/Будзьма!