У Менску судзяць дасьледчыцу беларускіх вязьняў ГУЛАГу Чарнаморцаву, пракурор запрасіў ёй «хатнюю хімію»
2023-01-16 14:18
Палітзьняволеную вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).У Савецкім судзе Менску пачынаецца суд над палітзьняволенай дасьледчыцай Валерыяй Чарнаморцавай. Справу вядзе судзьдзя Вольга Емяльянчанка,
паведамляе «Вясна».
Як стала вядома Свабодзе, пракурор запрасіў Чарнаморцавай пакараньне ў выглядзе 2,5 года «хатняй хіміі». Прысуд чакаецца сёньня а 16:30.
Валерыю затрымалі летась 18 кастрычніка ў Менску пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку яе арыштавалі на 10 дзён, пасьля перавялі ў СІЗА-1 і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Валерыя Чарнаморцава — дасьледчыца беларускіх вязьняў ГУЛАГу, актывістка БХД, гід. Яна спрычынілася да стварэньня
Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі.