У Польшчы выдалі дапаможнік для вывучэння беларускай мовы як замежнай
2026-01-11 13:40
Выйшаў з друку дапаможнік «Беларуская мова. Практыкаванні і тэксты для чытання» кандыдата філалагічных навук і супрацоўніцы Варшаўскага ўніверсітэта Кафедры беларусістыкі Вольгі Трацяк. Грунтоўны 300-старонкавы дапаможнік прызначаны для вывучэння беларускай мовы як замежнай на ўзроўнях A1—B1. Пра гэта паведамляецца на старонцы Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта ў Фэйсбуку.
Дапаможнік складаецца з 150 практыкаванняў і 50 тэкстаў для чытання. Заданні накіраваныя на паступовае і сістэмнае развіццё моўных кампетэнцый, у тым ліку разумення пісьмовага тэксту, пашырэння лексічнага запасу і ўдасканалення граматыкі.
Матэрыялы могуць выкарыстоўвацца як у самастойнай працы, так і на занятках з выкладчыкам. Да выдання далучаны ключ з адказамі. Дапаможнік можа быць выкарыстаны ў акадэмічнай і школьнай дыдактыцы.
Набыць дапаможнік можна праз сакратарыят кафедры беларусістыкі: kb.wls@uw.edu.pl, цана: 39 злотых.