en

У школьнай праграме ў Беларусі няма месца для творчасці ўраджэнкі Гарадзеншчыны Элізы Ажэшкі

2023-09-18 11:36
У школьнай праграме ў Беларусі няма месца для творчасці ўраджэнкі Гарадзеншчыны Элізы Ажэшкі
:/:

Шкада, паколькі яе творы дазваляюць зірнуць на канцэпцыю гісторыі і месца ў ёй беларусаў.

У 2023 годзе ў Польшчы адзначаецца 160-ая гадавіна паўстання 1863-1854 гадоў. У Беларусі яго называюць Паўстаннем Кастуся Каліноўскага. Стаўленне да яго ў Беларусі неадназначнае – з аднаго боку гэта важная старонка беларускай гісторыі, а з іншага – барацьба супраць Расіі, на якую сёння нельга акцэнтаваць увагу. Магчыма, таму і стаўленне беларускага афіцыёзу да раману Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» такое стрыманае, паколькі важным матывам твору з’яўляецца паўстанцкая барацьба.

«Над Нёманам» Элізы Ажэшкі – вельмі важны твор для польскай літаратуры, які даўно ўжо стаў класікай. На жаль, у Беларусі ён малавядомы, яго чытаюць практычна толькі спецыялісты, хаця ўжо каля 20 гадоў існуе пераклад раману на беларускую мову. Шырокаму колу чытачоў ён невядомы, яго няма ў школьнай праграме. Магчыма, такая нелюбоў да творчасці ўраджэнкі беларускай зямлі Элізы Ажэшка беларускіх уладаў назіраецца таму, што ў яе творы «Над Нёманам» вельмі важны матыў паўстання Кастуся Каліноўскага, калі беларусы разам з палякамі змагаліся з Расійскай імперыяй за незалежнасць. Агулам гэты эпізод беларускай гісторыі стараюцца замоўчваць у беларускай гістарыяграфіі, хаця быў час, калі паявілася шмат літаратуры на гэтую тэму, – гаворыць літаратуразнаўца, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Андрэй Масквін.

- Беларуская інтэлігенцыя ведае, што адбывалася. У 90-ыя гады, на пачатку 21-га стагоддзя з'явілася шмат гістарычнай літаратуры і на беларускай, і на рускай мове. А адносіны ўладаў да тых падзей сталі мяняцца ў 2002-2003 годзе. Усе творы, якія адносяцца да супольнай беларуска-польскай, беларуска-ўкраінскай ці беларуска-рускай гісторыі – не вельмі пажаданыя. Змяніліся падручнікі, ужо няма гісторыі беларускай літаратуры, ёсць набор нейкіх аўтараў, якіх трэба прачытаць. На жаль, у школьнай і ўніверсітэцкай праграме месца для такіх твораў няма, а гэта вельмі дрэнна, таму што гэта не толькі паўстанне, гэта погляд на канцэпцыю гісторыі, месца ў ёй беларусаў.

Цікавы лёс самой Элізы Ажэшкі. Яна, асабліва паводле нораваў таго часу, была вельмі эмансіпаванай жанчынай. І сама брала пасярэдні ўдзел у паўстанні, нават нейкі час хавала ў сябе дома аднаго з лідараў паўстанцаў Рамуальда Траўгута, якога пазней вывезла за мяжу. Калі б гэта не ўдалося, і яны былі б затрыманыя, можа, раману і не было б. Яна рассталася з мужам, не захацела ехаць за ім у ссылку. Грамадства асуджала яе за гэта, а грамадскае асуджэнне тады было цяжкім ударам, які не кожная жанчына магла вытрымаць. Элізе гэта ўдалося. І тым больш цікава, ведаючы гэтыя факты, чытаць яе прозу.

Падчас чытання «Над Нёманам» мімаволі ўзнікаюць паралелі з сённяшнімі падзеямі, калі назіраюцца спробы адраджэння Расійскай імперыі, калі Расія спрабуе дыктаваць умовы жыцця суседнім народам, пры гэтым у Беларусі пануе тэрор, а ва Украіне ідзе поўнамаштабная вайна з Расіяй.

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё.

нг

Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Copyright © 2000-2023 by Kamunikat.org